І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным або Грак і Монця Хрысцік. Валеры Гапееў
на флэшку ўсё, што можа спатрэбіцца Данілу Галоўчыку у вучобе, над чым яны працавалі ўдвух. Яго не дзівіў, а больш цешыў той факт, што Даніла не званіў і не прыходзіў – магчымая размова з некім пра свае злыбеды бачылася як усаджванне ў крэсла да стаматолага. Па тэлефоне ён адно паразмаўляў з маці, коратка: праблемы, адлічаны, але не вінаваты, палітыка, падставілі, усё раскажа. Быў яшчэ званок ад Мархеля, Мацвей нейкі час вагаўся: ці перазвоньваць. Прафесар патэлефанаваў сам.
– Вінаваты? – выдыхнуў ён у трубку пытанне пасля прахалоднага “добры дзень”.
– Не, Андрэй Кузьміч, – цвёрда адказаў Мацвей.
– Зразумела, хоць ні халеры не зразумела, – прамармытаў Мархель. – Куды цяпер?
– Дадому.
– Так, ясна… Слухай, – стаў казаць загадна прафесар: – Паціху ўсе утрасецца, так заўсёды бывае. Пасядзі дома, пачытай што. Не спяшайся нікуды лезці. Праз месяц-два, я табе патэлефаную, прыедзеш, паразмаўляем. У мяне ёсць добры знаёмы, прыватная фірма, устаноўка абсталявання з праграмным кіраваннем, невялікія робатазаваныя комплексы. Наша спецыфіка. Знойдзем там табе месца. А праз год… Праз год ці мала што зменіцца. Як той Насрэдзін казаў: ці я, ці асёл, ці шах, а нехта памрэ. Дамовіліся?
– Дзякуй… Я яшчэ не думаў пра заўтрашні дзень, – трохі расчуліўся Мацвей, адначасова усвядоміўшы: гэтыя дні – не проста канец ягонага ранейшага жыцця, а і пачатак магчымага новага. І вось – нарэшце трошкі акрэсліўся адзін з магчымых сцэнарыяў…
– То будзь на сувязі, – і загадаў, і адначасова папрасіў Мархель.
Данілы не было, Мацвей аддаў флэшку ягонаму сужыўцу, папрасіў перадаць. Выйшаў і ў цесным калідорчыку блока сутыкнуўся з Андрусём.
– Вітаю, зямляк, – павітаўся ціха.
– Вітаю, – паспешліва адгукнуўся Андрусь. – Чуў пра твае непрыемнасці, спачуваю…
– Каб яшчэ да тваіх спачуванняў долараў пяцьсот дадалося, штраф заплаціць, – вырвалася ў Мацвея без асаблівай горычы. – Але дзякуй…
– То заходзь, ператрэм тэму, – проста адгукнуўся Андрусь, нібыта нагадваючы, што ў яго тут – міні-банк і без праблем атрымаеш крэдыт пад невялікі працэнт. – Я во зараз…
Ён неахайна выцер рукі завэдзганым ручніком, кінуў той на ложак.
– Сума, канешне, вялікая, таму магу скасціць трохі працэнт. Ты ж разумееш, я тут не дабрачыннасцю займаюся, – ухмыльнуўся ён. – Сярод ночы паднімаюць і просяць дзясятку на тыдзень, то хай аддаюць за маю дабрыню і магчымасці рубель зверху. Для цябе, як земляка, дзесяць працэнтаў за месяц. За гэты час, мяркую, суму збярэш?
– Збяру і раней, – паабяцаў Мацвей, хоць і не падумаў: дзе ён возьме хоць палову, хіба маці ў некага пазычыць. Цяпер жа рэальная магчымасць у гэты момант вырашыць пытанне з аплатай штрафу выглядала надзвычай прывабна, таму пра будучыя пошукі грошай моцна не задумваўся.
– Добра, – пабарабаніў па стальніцы пальцамі левай рукі Андрусь – неяк з мелодыяй. Устаў, пакорпаўся ў шафе, вярнуўся і паклаў на стол пяць зеленаватых паперак.