Ордэн Прамяністых. Зміцер Дзядзенка
акрамя кавы з булачкай.
– Ну, не пераймайцеся, – супакоіў яго Горцаў. У кавярні ён зняў пухавік, пад якім апынуўся шэры пінжак і блакітная кашуля, зашпіленая аж да апошняга гузіка, пад самым горлам. – У нас пасля канферэнцыі яшчэ плануецца пачастунак для запрошаных удзельнікаў.
Кміціч падзякаваў і дадаў, што пасля дарогі яму ўсё адно пакуль што есці не хочацца.
Краязнаўчая канферэнцыя праходзіла ў зале мясцовага гатэля, назва якога не вылучалася арыгінальнасцю і супадала з найменнем горада. Якраз напярэдадні Павел гартаў памятныя кніжкі Магілёўскай губерні, куды Ворша ўваходзіла ў часы Расійскай імперыі, – хацеў расквеціць свой выступ нейкімі дадатковымі звесткамі. Адтуль ён выпісаў сабе назвы гасцініц, якія існавалі ў горадзе акурат напярэдадні рэвалюцыі: «Цэнтральная», «Палыкаўская», «Эрмітаж», «Брысталь», «Дняпроўская», «Нумары Гофмана» (так насамрэч клікалі іх уладальніка. Пра гэта сведчыў запіс у даведніку – Евель-Хаім Гіршавіч Гофман), «Арлоўскія нумары», «Вакзальныя нумары», «Брэст-Літоўская гасцініца», «Парыжская», «Камерцыйная».
Тады нікому ў голаў не прыйшло назваць гатэль гэтак жа сама, як і горад, у якім ён размешчаны.
У гатэльнай зале Кміціч агледзеўся: прысутных было няшмат – дзясяткі тры чалавек. Паназіраўшы яшчэ крыху, ён зрабіў выснову: чалавек пяць-сем – выступоўцы, яшчэ пяцёра – арганізатары, астатнія – гледачы.
Адкрываючы імпрэзу, Горцаў выказаў падзяку ўсім прысутным, асобна вылучаючы гасцей з іншых гарадоў, якія ўшанавалі сваёй прысутнасцю гэтую падзею.
Павел глядзеў, як падчас прамовы ходзіць кадык на горле выступоўцы, напінаючы зашпілены гузік на кашулі. У пэўныя моманты здавалася, што вось-вось гузік не вытрымае гэткага напружання і адарвецца, выпускаючы са зняволення адамаў яблык Горцава. Аднак неўзабаве напружанне спадала, і кадык зноў пачынаў свой нястомны рух уверх-уніз.
Павел агледзеў разнамасную публіку, якая сабралася паслухаць выступы краязнаўцаў. Было тут некалькі маладых людзей, але пераважная большасць – у гадах, часам ужо нават далёка не маладыя. Асноўную масу складалі мужчыны, жанчын было мала, дый тым у цэлым пераваліла за пяцьдзясят гадоў. Так што, падсумаваў сабе Кміціч, у сэксуальным плане на цікавыя знаёмствы можна не разлічваць…
Пасля сябе Горцаў запрасіў выступіць аднаго з мясцовых паэтаў, які прачытаў верш пра родны горад. Пачутае Кміцічу не спадабалася: занадта шмат пафасу і меладраматычнасці. Аднак разам з іншымі ён ветліва пляснуў пару разоў у ладкі, дзякуючы аўтару.
Потым выступаў патлаты мясцовы краязнаўца, які распінаўся пра слаўных выхадцаў з мясцовай шляхты, якія ўзбіліся на значныя дзяржаўныя пасады ў сярэднявеччы, у часы Вялікага княства Літоўскага, калі дзверы заміж клямкі кілбасамі падвязвалі… Калі патлаты нахіліў галаву, каб нешта разабраць у сваіх паперах, Павел пабачыў, што пасярод галавы ў таго сонечна ззяе лысіна. Доўгавалосы, але лысы, падумаў Кміціч, у душы падзівіўшыся гэтаму аксюмарану.
Кміцічу