Плошча Перамогі. Ольгерд Бахаревич
законы – і ніхто не зьбіраўся яго папярэдзіць. Усе яны думалі адно пра сябе, усім ім было пляваць, што зь ім станецца. Ён быў весткай, а не чалавекам. Нікога зь іх не абурала тое, што ён, па-геройску дабраўшыся да сталіцы з важным данясеньнем, мусіў боўтацца за гэта на вяроўцы. Яны думалі толькі пра сябе і сваіх блізкіх. А хто быў ён? Толькі адказ. Чалавек-адказ. Чалавек-ліст. Ягонае жыцьцё вісела на валаску паміж «мы іх» і «яны нас».
Ад Паўднёвабрамскай вуліцы адыходзіла іншая. Вуліца Пекараў. Павярнуўшы на яе, ён апынуўся б на Старым Раўчуку, а там і да дому якіх пару крокаў ступіць. Але нельга. Лёкса Шпуль нават не паглядзеў у бок вуліцы Пекараў. Ён пайшоў наперад, як і належала вестуну.
«Я нікому не скажу! – кінуўся яму наперарэз нейкі маладзён у капелюшы зь пяром, падобны да студэнта. – Мы іх? Ці яны нас? Я ня проста так пытаюся, пане вястун! Мне для навукі! Ад гэтага залежыць больш, чым вы думаеце!»
Мы іх?
Яны нас?
Так мармытаў горад. Вястун чуў, як за сьпінай узрушана дыхае Вераніка. Цяпер ён адчуваў дзіўную залежнасьць ад яе, і яму гэта не падабалася. І каб нічога больш ня чуць, ні яе дыханьня, ні гэтых абыякавых да яго лёсу пытаньняў, ён напаўголасу завёў:
«Кароль сабраўся на вайну,
Абразы не сьцярпеў…
Давай, цясьляр,
Рыхтуй труну,
Каб да вясны пасьпеў!»
Што ён там мармыча? – шапталіся яны. Што ён кажа? Ён сказаў нешта, але што?
Мы іх? Ці яны нас?
Ён пяе!
Не насьпяваўся! Пакуль мы тут… Пакуль мы тут мучыліся…
Паглядзіце, ён усьміхаецца! Значыць, усё ж: мы? Мы іх?
Але якой горкай усьмешкай! Значыць, яны – нас?
Ён глядзіць на нас зь нянавісьцю! Няўжо нешта ведае?
Не, гэта нянавісьць да ворагаў! А нас ён любіць!
Ён адзін з нас!
Няўжо яны – нас?
Не! Мы – іх!
На галоўнай плошчы стаяла шыбеніца. Вястун запаволіў крок, каб разгледзець павешанага. Гэта быў чалавек высакародны – на ім была брудная, але яшчэ нядаўна беласьнежная кашуля да каленяў з манжэтамі, пазногці ягоныя былі пастрыжаныя, як на руках, так і на нагах, дый фрызуру труп меў такую, што сумневаў не заставалася: яшчэ нядаўна ён камандаваў слугамі і абмяркоўваў рашэньні дзяржаўнай важнасьці… Відаць, павесілі яго зусім нядаўна – твар ягоны яшчэ ня быў зьнявечаны жахлівай сьмерцю, хоць і перакошаны і скажоны ад удушэньня. Як ні ўзіраўся вястун у гэты твар – ён больш ня мог яго пазнаць. Пакараны злачынца толькі пачаў гніць – і лепш было б прыбраць яго адсюль як мага хутчэй, бо сьпёка рабіла сваю справу хутка… Ад шыбеніцы ўжо ішоў смурод. Салодкі, знаёмы, ванітоўны… Вакол шыбеніцы брук быў у чорных плямах ад семкавага шалупіньня, там валяліся курыныя косткі і абсмактаныя кукурузіны. Відаць, на павешаньне прыйшоў увесь горад. Магчыма, і брат зь сястрой былі тут.
У палацы Лёксу ўжо чакалі. Навіна пра ягонае зьяўленьне ў горадзе даляцела сюды хутчэй за самога вестуна – і таму, як толькі ён спыніўся перад вартай і прамовіў:
«Я