Абое рабое. Таццяна Дземідовіч
ўціснулі ў крэсла, і скрозь боль я адчула, як знаёмыя галасы аддаляюцца рэхам. У вачах пабялела, ногі і рукі не слухаліся, здаваліся бязважкімі. Так я страціла прытомнасць… І на зло ўсім хацела яшчэ доўга ляжаць няшчаснай, але медсястра паднесла да носа нашатыр.
– Малайчына! Герой! – усміхнулася «Касметычка». – Затое цяпер будзеш моднічаць!
І з той хвіліны я так намоднічалася! Калі сядзела на ўроках, дык у цяжкіх роздумах намацвала вострыя вуглы зорачак, нервова скубла завушніцы, адцягвала мочкі вушэй… Але больш за ўсё баялася іх згубіць! Бывала, зайграюся на вуліцы, а потым раз – і ўспомню пра залаты хамут. Сэрца ёкне, па спіне халадок прабяжыць, у горле затрымаецца камяк. Схаплюся дзвюма рукамі за вушы – цьфу ты! Зоркі на месцы!
Але аднойчы завушніца выслізнула, бразнула аб пыльны, гарачы асфальт і знікла. Увесь двор, уключаючы дваровую сабаку Альму, шукаў маю завушніцу, а я, абхапіўшы калені рукамі, сядзела на лаўцы і ціха ўсхліпвала. І было моташна і страшна. Не зберагла…
Зорку знайшла наша дворнічыха. Яна бліснула радком залатых зубоў і злосна вымавіла:
– Трымай, неахайніца! Мамкі вам накупляюць дарагіх цацак, а вы вось з імі як – няўдзячныя!
– Дзякуй! – разгублена прашаптала я і падумала, што залатыя зубы – гэта, мабыць, яшчэ больш прыгожа і надзейна. Не тое што завушніцы. Але, напэўна, вельмі балюча. Можна тысячу разоў прытомнасць страціць.
У пятнаццаць гадоў спяшалася на першае спатканне. Апранала сукенку, зачапілася зоркай за маланку – вуха закрывавіла, запякло. Раззлавалася. Зняла завушніцы і паклала ў скрыначку.
Як аказалася, назаўсёды! Мы сядзелі на даху старога гаража, елі марожанае, балбаталі ні пра што…
– Твае валасы пахнуць летам! – сказаў ён і ўсміхнуўся роўнымі белымі зубамі. Вось табе і першы ў жыцці камплімент. Шчокі запалымнелі, я збянтэжана адвярнулася, накруціла кудзерку на палец.
«Валасы пахнуць летам», – у думках паўтарала я, калі ўзлятала па лесвіцы ўверх, каб дома хутчэй паставіць у вазачку першыя ў маім жыцці кветкі. Шчасце аказалася зусім не залатым, бязважкім, непатрабавальным…
Падарунак
– З Новым годам, дарагая! – пяшчотна прамовіў Іван і працягнуў жонцы канверцік, міла ўпрыгожаны пунсовымі сэрцайкамі.
– Нічога сабе! – разгарнуўшы яго, усклікнула Ліда.
– Гэта табе на новую сукенку! Вось так… Уся мая заначка, – пераступаючы з нагі на нагу, збянтэжана прамовіў Іван.
– Трэба ж! – ад нечаканасці ў Ліды перахапіла дыханне. І яе заўсёды спакойны, сур’ёзны погляд раптам стаў наіўна-радасным, як у сямнаццацігадовай дзяўчыны.
Ліда адразу прадставіла сябе ў доўгай серабрыстай сукенцы, упрыгожанай тонкім залатым паяском. І ад блізкасці гэтай мары ў яе па-вясноваму прыемна закружылася галава.
– Усё! Бягу ў краму! Адразу!
Некалькі разоў яна прымяралася да новай яркай сукенкі, сарамліва перабірала спатнелымі далонямі хвалі яго мяккай тканіны, прыкладвала да плячэй лёгкі прахалодны матэрыял. І вось