Сляза ляза. Павел Гаспадыніч
цемра зноў паміж камет,
Нібы табой прайграны сэт,
Гумовым мячыкам нясецца,
Апошняй лічбай сэрца рвецца,
Душа сасмяглая смяецца,
Паразу болем не прыняўшы…
Аднойчы я цябе спаткаўшы,
Нібы як Зеўс, Еўропу скраўшы,
Ды падмануўся, бач ты, сам —
І ўсхваляваны Акіян
Ахутаў хваляй забыцця.
А цемра знікла спакваля,
Калі ўздымалася зямля
Пад спевы ў бэзе салаўя
І сон згарэлы матыля…
«З далоні выпадае…»
З далоні выпадае
Агеньчык —
Канае,
Усміхаецца…
Свет на тых падзяляецца
Хто
Шточас ці не
Нараджаецца
У кожным з такіх
Агеньчыкаў.
«Дарога мяне вывела да пячоры…»
Дарога мяне вывела да пячоры,
Ля якой сыкалі пачварныя гады:
Так карціла схавацца ад палячага сонца.
Але перш трэба пацалаваць змяю.
***
Агонь з нябёсаў, сэрца, прымі,
Дашчэнту ў пакутах і смазе згары.
Жыццё несупынна і ўслед за табой
Нехта ідзе, мой сябра, зірні!
Зімовы дождж
Зімовы дождж – па шыбах слёзы…
На крушнях волкі ночы цень.
Твой шлях адсіверны мімозы
Ўсцілаюць зоркамі надзей…
Надзей няўцямных, кволых, стылых,
Нібы зімовы снежня дождж…
На ўскрайку лога чэзне-гіне
Жытнёвай веры памяць-смоўж.
Вандроўнік часу – дух прыгодаў
І той па ночы спруцянеў.
Зімовы дождж – праклён народаў,
Якіх няма…
ужо…
цяпер…
Завея глея
Глей, як алей, між дажджоў і завей.
Раз'юшаным ветрам
Нібыта сурвэткай
Свет атуляе, святло ахінае
Радзіму рачулак сваю пакідае.
Снегам прыветным у месяцы кветным
Красуе чароўна
Лунаючы ў чоўне
Вясна-паланянка, гуллівая панка,
Аздоблена часам увечары і ўранку.
А там у прыполлі стракатае волі
Нерушам веры
Як сцягам галеры
Паветрам духмяным красуюць аеры,
Узгадаваны завеяй і глеем.
«Адхланнем неспатольнае вясны…»
Адхланнем неспатольнае вясны
Душа пялёсткам раскашуе,
На ўзлеску Белае Русі
Пан Бог ліцьвінам моц даруе.
І Страцім-Лебедзь паляціць
Пад перазвон Пагоні вольнай,
А сэрца полымем трымціць
нікім ніколі нескароным!
«У завеі тваіх валасоў…»
У завеі тваіх валасоў
Адыйду, забудуся, знікну…
І пад бой хмарных думак-часоў
Праплыву шэрым лебедзем дзікім.
У вачах твайго сэрца – туман,
У руках тваех пекных – жар-птушка.
Не шукай ў мяне слоў – то падман,
Ды