Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская
разгубіўся. Ён жа долю доктара не ўзяў… За ім пакінуў права вырашаць. У чым драгун горача і паспрабаваў пераканаць Лёдніка. Прафесар махнуў рукой.
– Ну, усё роўна позна на малако дзьмуць, калі кіпнем апёкся… Мне даюць адпачынак на месяц. Каб я мог выканаць богаўгодны ўчынак, суправадзіць хворага ў паломніцтва, за што мне абяцана, аказваецца, трыста дукатаў. Калі я не еду – маю кафедру закрываюць. Зусім. Яшчэ і студэнтаў, з якімі я індывідуальна займаўся – каторыя з бедных – вытураць з Акадэміі.
Пранціш унурыўся. Падобна, што ў хітрамудрай навуцы дыпламатыі ён яшчэ навіцыянт, і заслугоўвае не дукатаў, а галавы казла, якую цар Іван Жахлівы паслаў старасце Аршанскаму Філону Кміце-Чарнабыльскаму за правал “выбарчай кампаніі”, што мусіла ўзвесці маскоўскага ўладара на трон Рэчы Паспалітай.
– Ясна, Юдыцкі да езуітаў звярнуўся…
– Не Юдыцкі, а тыя, чыю волю выконвае суддзя, – строга сказаў Лёднік. – І цяпер у мяне выбар – альбо ўсё кінуць, забіраць сям’ю і з’язджаць – але тут могуць пацярпець бязвінныя людзі, альбо… ехаць з табою суправаджаць хворага пана да святых мясцінаў.
– Як жа, хворага… – скептычна прабурчэў Вырвіч, хаваючы няёмкасць. – Будзе такі ж маскарад, што калісьці ўчыніла нам панна Багінская. Памятаеш, пераапранулася ў мужчынскі касцюм і ўвязалася за кампаніяй?
Лёднік, аднак, нават не ўсміхнуўся.
– Не забывай, што я – спрактыкаваны лекар. І калі патрабуюцца мае паслугі, значыць, ёсць што лячыць – думаеш, я не адрозню таго, хто прыкідваецца, ад сапраўды хворага? Рэктар прасіў, каб я ўзяў у дарогу як мага больш лекаў, асабліва ад запаленчых працэсаў.
Пранціш зразумеў, што Лёднік у душы пагадзіўся з тым, што давядзецца адпраўляцца ў падарожжа. І – насуперак усяму – у душы драгуна, як бурбалкі ў шампанскім, узвіхурыла радаснае прадчуванне новых прыгодаў.
І ўжо зусім не здзівіла, калі тым жа вечарам падхаружаму Вырвічу прынеслі ліст ад паручніка Малішэўскага з дазволам працягнуць адпачынак, каб суправаджаць хворага шляхціца Якуба Шрэдэра.
Дык, можа, і няма нічога падступнага ў гэтым даручэнні? Можа, дарэмна прафесар пераймаецца і Пранціша палохае?
Пані Саламея так і разважала, праз два тыдні рыхтуючы мужчын у дарогу, жартавала, напявала… Але Пранціш бачыў у яе сініх вачах тугу і спалох.
Вырвіч не паленаваўся схадзіць да банкіра Мамоніча, спраўдзіць, што належыць перадаць Ганульцы. Куфэрачак з каштоўнасцямі, упрыгожаны срэбнымі налепкамі з выявай герба Агінец, Пранціш перабіраць не стаў, але здагадваўся, што пасаг у цемнавокай сціплай паненкі Макавецкай цяпер немалы.
Куфлі ў апошні вечар перад выправай у дарогу прыгожанькая Рыўка налівала Пранцішу Вырвічу з верхам, а ўсміхалася з абяцаннем… Зоры над Вільняй былі буйнымі, як залатыя яблыкі, здавалася, іх можна стрэсці з нябёснага дрэва, варта толькі знайсці, дзе звісаюць ягоныя галінкі, каб ухапіцца… І няхай дзесьці за акіянам пані Паланэя гушкае рудавалосага сынка, знойдзецца вялікае каханне для пана Вырвіча і на Беларусі…
Хто