Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская
вакол разлітага сочыва…
“У сэрцы трымціць залатая страла неспагады.
Чароўная Дама цябе лекаваць не збярэцца.
Ты мусіш забыцца на ўласныя раны і звады,
Айчыне ў ахвяру прынесці разбітае сэрца”.
А да бліжэйшай карчмы пад красамоўнай назвай “Кілбасы” яны не звярнулі. Хаця Вырвіч ужо без ранейшай агіды ўспамінаў нават застолле ў суддзі Юдыцкага і “вачасты” пачастунак кітайца. Што азначала – даўно варта перакусіць. Хаця б пасёрбаць жур з вяндлінай… Ці хоць локшыны зжаваць…
Пан Зыгмунд Грос дэкляраваў, што заначуюць у вельмі добрых умовах, у маёнтку з гасціннымі гаспадарамі. Цікавіцца іх імёнамі таксама не выпадала – па трыста дукатаў доктару і драгуну заплацілі не за роспыты.
Фурман скіраваў коней на лясную дарогу, яліны пачалі рабіцца ўсё вышэйшымі, падобнымі да цёмных шатроў, з якіх маглі выскачыць антыкаўды з вывернутымі ступакамі альбо высозазныя макробіі. У прыцемку Пранціш разгледзеў, што пасярод дарогі бялеюць дзве постаці, быццам прывідныя вартавыя. Гэта аказаліся мармуровыя скульптуры – адна выяўляла багіню мудрасці Мінерву, пра што сведчыла змрочная лупавокая сава на плячы, другая – багіню-цнатліўку Артэміду, якая сціскала тонкай мармуровай рукой лук. Паміж пагрознымі вартаўніцамі чарнела каваная брама. Нехта дыхтоўна агарадзіў свой маёнтак, чый чарапічны дах віднеўся над дрэвамі. Жалезныя прэнты агароджы ішлі ў лес, як быццам прараслі пасеяныя зубы цмока.
Фурман спыніў коней і некалькі разоў пратрубіў у ражок. Доўга чакаць не давялося – двое слуг падбеглі да брамы і, нават нічога не пытаючыся, расчынілі вароты. Значыць, чакалі…
Калі госці трохі праехалі па прысадзе да двухпавярховага будынка з двума алькежамі і паўкруглай каланадай, Вырвіч азірнуўся. Браму зачынялі, і ад гэтага зрабілася трохі няўтульна, як быццам яны добраахвотна аддаліся ў палон. Пранціш скасавурыўся на Лёдніка: фанабэрысты профіль доктара ў прыцемку мог напалохаць: не варта ноччу з такім панам сустракацца. Нічога, удвох яны нават з Аіду выберуцца!
З карэты данёсся ціхі стогн.
Раздзел трэці. Як Пранціш Вырвіч у сутарэнні Менску спускаўся
Дарога да маёнтка была ўся ўсыпаная сасновымі шышкамі.
Старажытныя грэкі лічылі шышку сімвалам Сусвету.
Такі вось Сусвет, складзены з мноства лушпінак і схаваных паміж імі зярнятак – зародкаў будучых дрэў.
А што дзіўнага? Для кагосьці ўся светаістасць – гэта двор ягонага магната, для кагосьці – утульная канапа… А хтосьці лічыць вянцом усяго поўны куфаль піва, і гатовы жыць у пеннай дабрадатнасці ажно да анёльскіх сурмаў…
Праўда, працягваючы алегорыю з шышкай, надта няпэўны лёс у такога калючага Сусвету – зваліцца з галінкі, і дзе апынецца? Раптам вось так, як гэтая шышка, трапіць у лоб маладому драгуну і пакоціцца пад капыты ягонага каня?
Пранціш ціха вылаяўся і пацёр выцяты лоб рукавом. Маёнтак, дзе яны мусілі заначаваць, падабаўся яму ўсё меней.