У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
перыяд вострага марынізму. Мела гэтае захапленне выток непасрэдна ў яе нараджэнні. Нарадзіцца ж ёй пашчасціла на далёкімдалёкім паўвостраве. Бацьку перадалі: «З’явілася на свет капітан з парахода “Чавыча”. На караблі была ці не адзіная на тую пару ў свеце жанчына – капітан далёкага плавання. І Дана лічыла фразу наканаваннем Вышэйшым і, як умела, рыхтавала сябе да акіянскіх выпрабаванняў. Былі «засвоеныя» ўсе маладаступныя дрэвы ў ваколіцах і тыя самыя вежы на замку. Вядома, досыць прымітыўна. Дана гэта разумела, але па каментарах да Станюковіча, Стывенсана, Жуля Верна і іншых кніжак так-сяк вызначыла для сябе прызначэнні бом-брам-рэяў, бізаньмачтаў, гітаў, каб, не дай Божа, не выправілі па ваду на клоцік. Падкінуў ёй неяк неацэнную кніжачку сын аднаго з матчыных калег – таксама збіраўся падацца ў маракі. Там іх было трох сыноў – тры Будрысы, смяяўся бацька. І пасміхаўся – кавалеры для Даны. Бацька быў чалавек натуры шырокай і будучай «нявестцы» даслаў на дзень нараджэння паўдывана, шыкоўнага, падобна, з нямецкіх «трафеяў». Царскі падарунак. Але падарунак, мабыць, шчыры, ён праз усё жыццё спадарожнічаў з Данай: аскепак германскай утульнасці.
А сярэдняга сына задражнілі: абышла, маўляў, Дана яго – вучыцца ў вучылішчы, вось, калі ласка, у форме. Здымак Даны ў марынарцы і сапраўднай бесказырцы быў не толькі падараваны будучым «прэтэндэнтам», але і прышчаміўся на самым бачным месцы на вітрыне фотамайстэрні. Спачатку – як знешне спраўджаная мара, потым – як відавочна страчаная. Але заўсёды – як нешта недарэчнае. Дана ніколі не мела пашаноты да рэкламы.
А мару раструшчыла кантрольная па фізіцы. Дана не мела звычкі вытыркацца на першыя парты і займала сабе спакойнае месца на перадапошняй лаўцы. Так бы мовіць, ледзь не ложу абаніравала. Тут можна было пры выпадку нешта пачытаць на ўроку. І адстароніцца, глядзеўшы ў акно.
Тым драматычным ранкам, падчас кантрольнай па фізіцы, «варыянт» Даны, ціхамірна і не даючы сабе клопату нешта абвяргаць, спісаў у яе рашэнне. А праз два дні фізік раздаў кантрольныя. І трымаў, паводле ўсіх законаў драмы, маналог. З якога выявілася – зразумела, хто спісаў. Зразумела, у каго. Усім – двоечкі. А вам, шаноўная Азарэвіч, перасесці на першую парту і сказаць маці, каб завяла да акуліста.
Што там драма… Трагедыя. Шэкспір… Палавіна класа з-за яе маюць двойкі. Павінна сядзець, як апошняя двоечніца – менавіта іх садзілі за першую парту – перад вачмі настаўніка. Ганьба – ёй патрэбны акуляры. Ну, хто ж у іх школе насіў акуляры? Акуляры – гэта яшчэ горай, як без косаў. Стрыжаныя хадзілі толькі інтэрнатаўскія. А ў акулярах не было ні-ко-га.
Але самае галоўнае – бывай, мараходка! Які ўжо марак, калі яна пераблытала 3 з 9.
Ну, але на сушы таксама безліч цікавых заняткаў, акуляры можна не насіць, а толькі раз-пораз карыстацца імі. Да таго ж на пачатку і напрыканцы года заўсёды, акрамя кантрольных, была падзея, якая казытала ўяўленне. Збор дружыны.
Вогнішча на замку. З ранку світальна пелі горны. Вербел бубнаў нагадваў пра мушкецёраў, італьянскіх