У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава

У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава


Скачать книгу
старшыні райвыканкама, кампалка, ваенкама, нейкіх дырэктараў, нейкіх начальнікаў…

      Ніна Мікалаеўна была абураная. Паводзінамі Лёні Латуна і Даны асабліва. І мела рацыю. Яна ім давярала. Даверыла…

      Дана і адчувала за сабой правіну, і не. Занадта ж быў казытліва прывабны водар прыгоды, сапраўднай прыгоды, каб пазбыцца яе. Ну, якое ж вандраванне без неспадзеўкі! Да таго ж пасля паходу Дане сталі званіць. Увогуле ўдзельнікі паходу далі працы мясцовай тэлефоннай станцыі. Тэлефон на кватэрах у горадзе быў мала ў каго, але ва ўдзельнікаў паходу быў ва ўсіх. І акрамя ўражанняў ад першага паходу дадаўся клопат пра падарожжа будучае.

      А людзі, што прыходзілі на замак, бачылі там хлопца з артылерыйскім біноклем. Гэта быў Лёня. Ён глядзеў на ваколіцы. І на дом Азарэвічаў. На Данчын балкон. Амаль як у п’есах «плашча і шпагі».

      У Слонім і Гродна з імі паехала дзяўчына з райкама. Маладая, здаровая, вясёлая. «Дзеці», – гаварыла яна. І яны не крыўдавалі. Ім падабалася бадзёрасць Кацярыны Васільеўны, яе чорны бант на тоўстай касе, яе нястомленасць жыццём. Усе яны былі па-юначы жорсткія і паюначы наіўныя. Дзеці…

      У Слоніме хадзілі на фабрыку кардону «Альбярцін», дзіваваліся на вербы над Шчарай, у цягніку «шпацыравалі» па паліцах вагона, не спускаючыся на падлогу – у трэцім ярусе гэта было вельмі зручна рабіць. А іх, старэйшых і вышэйшых ростам, запхнулі на трэцюю паліцу: білеты былі купленыя дзіцячыя.

      У Гародні, ашалеўшы ад грому на тонкасуконнай фабрыцы і смуроду на тытунёвай, Дана зразумела – не, яна ні ў якую індустрыю не пойдзе. Ніколі. Затое з’явілася яшчэ адна спакуса. Не тое каб мара ці там больш пэўны намер. Але – гульня ў гульню.

      Шпага Сірано

      Пачалося гэта ў горадзе Гродне. Ці, мабыць, у гульнях – раней. Але тады, у паходзе, яны пабачылі горад над стромай гарой. Віраваў пад гарой Нёман, а ў горадзе былі каналы, масткі над імі, паркі і дамы, усе апавітыя хмелем і дзікім вінаградам. На ўсё жыццё ён застаўся адным з самых любімых гарадоў Даны. Не малы і не вялікі, утульны і зялёны. Чысцюткі і дагледжаны. Прыгожы.

      За адным з каналаў ці то прытокаў Нёмана месціўся старасвецкі белы дом. У ім было мноства драўляных крэслаў і – таямнічае збудаванне: сцэна. З сапраўднай заслонай. І сапраўднымі акцёрамі.

      Тэатр…

      Прынамсі, тутэйшая трупа недзе давала спектаклі, была на гастролях. Слова якое! А тут – зноў жа – гастралявалі Алісава і Марцінсон. Зімою Дана бачыла іх у «Беспасажніцы». У кіно. Безумоўна, Дана лепш зірнула б на Кторава—Парватава. Злодзей, але… Ну, аднак, Бог з ім, з Кторавым. Ад саміх гэтых словаў – спектакль, гастролі, заслона – патыхала нечым незвычайным. Нібыта яна, Дана, наблізілася ну, скажам, да цудадзейнай чары… Граля? Не, мабыць, чары, у якую ўлілі напой, дзе размяшалі дзіўную рэальнасць, падобную і не падобную да той, дзе існавала Дана.

      Конец ознакомительного фрагмента.

      Текст предоставлен ООО «ЛитРес».

      Прочитайте эту книгу целиком, Скачать книгу