Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства. Алег Грушэцкі
свой гаспадарскі абавязак карміцеля сям’і. Следам за ім ужо больш сціпла ўвайшоў дзед і ціха паставіў вуды і рэчы ў кут.
– Вось! – пахваліўся Янка. – Ледзь данеслі!
– Матка Боска! – радасна пляснула ў ладкі бабуля. – Ну вы і малайцы!
– Але ж, сапраўдныя рыбакі! Здабытнікі! Гэта ж трэба, гэтулькі рыбы налавілі! – падтрымаў сваіх родных тата і папляскаў сына па плечуку. – Ну, дай пацісну табе руку!
І той з гонарам, але ў той самы час і ўсхвалявана працягнуў яе бацьку.
– Ды што вы, – прамовіў збянтэжаны ад пахвалы хлопец. – Я ж з дзедам. Каб не ён…
– Слушна, Янка, – падтрымаў такое імкненне да справядлівасці бацька. – Славай трэба дзяліцца з тымі, хто дапамагаў яе дасягнуць. – Ну, тата, – звярнуўся ён ужо да свайго бацькі, – вы мяне ўразілі, нават перасягнулі самога сябе. Мяркую, Янка надоўга запомніць такую рыбалку!
– Толькі куды ж мне цяпер усю гэтую рыбу падзець? – прамовіла бабуля.
– Частку можам засмажыць альбо ў печы згатаваць, – прапанавала маці. – А рэшту сёння возьмем з сабой у госці. Будзе выдатны падарунак.
– Якія госці? – крыху здзівіўся Янка, і не таму, што было шкада з кімсьці падзяліцца, а таму, што нечаканымі былі навіны пра выправу на госці адразу па прыездзе.
– Цётка твая нас усіх сёння да сябе паклікала, даўно не бачыліся.
– Вой, матуля, я сёння так стаміўся і не выспаўся… Можна я ўдома застануся?
– Яна ўсіх паклікала, – крыху разгубілася маці.
– А з іншага боку, мо няхай ён дома застанецца? – падтрымаў сына бацька. – Мяркуй сама: іншыя дзеці нават прыблізна яго ўзросту туды дакладна не прыйдуць. Што ён там рабіцьме? Будзе сядзець і глядзець на нас, слухаючы сумныя дарослыя разважанні?
– Во! – далучылася да размовы і Мілана. – А можна тады і я ўдома застануся? Што я там адна буду рабіць? Я лепей сябровак сваіх адведаю, даўно не бачыліся. Мяне ўжо суседка Марыська клікала да сябе, Янку таксама.
– Мяне? – здзівіўся Янка.
– Не, цябе запрашаў ейны брат, твой прыяцель, – патлумачыла Мілана. – Я сказала, што ў цябе ёсць рыцарскія даспехі, а яна пра гэта апавяла брату, той вельмі хацеў іх пабачыць.
– Але ж! Я толькі ўчора заявіўся, а ўжо аднавяскоўцы ведаюць з чым.
Усе адразу ж засмяяліся з такой серыі навін.
– А што? – як нічога ніякага працягнула Мілана. – Я ёй пахвалілася сваёй дыядэмай і тваімі даспехамі. Ёй з братам дужа цікава на іх паглядзець. Пэўна, яны такога яшчэ ніколі не бачылі.
– Добра, вазьму з сабой.
– Можа, так для вас будзе лепей, – пагадзілася маці.
– Анягож! – падтрымаў тата. – Ім з сябрамі будзе куды весялей, чым з намі.
– А вы? – звярнулася мама да свёкра. – З намі пойдзеце? Не стаміліся?
– Я? Вядома ж, пайду. Мне ж рыбалка не ў цяжар была. Мне ж гэта хутчэй за звыклую забаўку.
– Ды і я таксама не тое што стаміўся, – быццам стаў апраўдвацца Янка, – проста не выспаўся, прачнуўся ж рана…
– Ніхто ж нічога не кажа, – супакоіў яго дзед. – Гэта мне, старому, ужо з рання