Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства. Алег Грушэцкі
проста прычыніў дзверы, яшчэ колькі секунд памуляўся каля іх, не маючы ахвоты пакідаць дзверы незамкнёнымі, а потым рашуча махнуў рукой і ўрэшце скіраваў з усімі да выйсця. Не ведаў ён тады, да чаго гэта ўсё можа прывесці. Хоць недзе там, у глыбіні, нешта тачыла яго. Ну, значыцца, лёс такі. Што наканавана…
Янка не бачыў усяго гэтага. Яго змарыла пасля ранняй рыбалкі і перакусу, і ён ужо амаль без сіл паваліўся на ложак. А Мілане, хоць тая і бачыла ўсё, гэта было не надта цікава.
Дарослыя ўрэшце сышлі, і дзеці засталіся адны ў доме. Янка пасапваў, а сястрычка тым часам пайшла збірацца на госці да сяброўкі. Яна ведала, што там будзе прысутнічаць і сябра яе брата, таму жадала выглядаць як мае быць. Дзяўчына пачала перабіраць адзенне, каб абраць, які строй болей пасуе да дыядэмы. Пакуль яна ўпрыгожвалася, Янка паспеў крыху адпачыць. Устаў ён поўны сіл. Цяпер можна хоць на госці, хоць на пошукі прыгод. А як вядома, хто шукае прыгодаў, той заўжды іх знойдзе. Ці яны яго…
Янка, злёгку пацягваючыся, выйшаў са свайго пакоя. Выйшаў і знерухомеў. Першае, што прыйшло яму да галавы было тое, што ён яшчэ працягвае спаць. Перад ім стаяла сястра, але цяпер яна была падобная да юнай каралеўны, нагэтулькі яна змянілася. Так і карцела прамовіць: «Ваша Вялікасць!»
– Што? – запыталася Мілана, хоць і сама здагадвалася, што ўразіла брата.
– Ты… ты… – пачаў падбіраць ён словы. – Ну проста як каралеўна.
– Я да таго і імкнулася, – задаволена ўсміхнулася яна.
– Нават не ведаю… Разумею, у горадзе. Але тут… Ці не занадта шыкоўна? – спытаў брат.
– Ну ў вёсцы, і што? – не пагадзілася з такімі разважаннямі Мілана. – Дзяўчына ўсюды мусіць імкнуцца выглядаць годна.
– Маеш рацыю. Але ж і мне цяпер трэба будзе выглядаць адпаведна.
– Вядома ж. Мужчына таксама абавязаны сачыць за сабой.
– Так, – зноў пагадзіўся Янка. – Каб не думалі, што нейкі няўдаліца, які і сябе дагледзець не ў стане. Бо які ж з яго тады толк?
– Можа, мне тады апрануць новыя даспехі? Будзем дакладна тады як каралеўна і яе мужны рыцар-ахоўнік.
– Мне ідэя даспадобы. У такіх строях нам не будзе роўных, – сказала сястра, ужо ўяўляючы, як яны будуць уражліва выглядаць збоку.
Янка вярнуўся ў пакой і хутка пераапрануўся.
– О, выдатна! – пахваліла Мілана. – Так нашмат лепей.
– Ага! – захоплена пагадзіўся Янка. – Табе яшчэ б да такога выгляду… ым-м-м, – нешта прамычаў ён, нібыта разважаючы, ці варта ёй нешта сказаць, ці не.
– Ды што, што? Кажы, – заінтрыгаваная, змушала яна.
– Не, не магу. Баюся, пакуль нельга.
– Ды што? Кажы, як пачаў. Абяцаю – нікому ні слова.
– Дзядуля мае табе падараваць адзін ну вельмі прыгожы кулон. Ды нагэтулькі прывабны і цудоўны, што я такіх і не бачыў. Нават таямнічы.
– Файна як! – усхвалявалася ад радасці і прыемнай неспадзеўкі Мілана. – А чаму таямнічы?
– Разумееш, ён выглядае дужа незвычайна. Я такога колеру камянёў і не сустракаў. А яшчэ на ім надпісы нейкія незразумелыя выбітыя.
– Уга!
– Дык