Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства. Алег Грушэцкі
не згэтуль.
– Мы… мы… – задумаўся Янка, разважаючы, як лепей адказаць, што прыдумаць.
– А якое гэта каралеўства? – перапыніла яго Мілана.
– Вядома ж, каралеўства Сварга! – з гонарам азваўся Вуж.
– А хто гэта? – запыталася Мілана.
– Ды ніхто. Папросту так каралеўства называецца. Як жа вы тут вандруеце, калі нават не ведаеце, дзе вы?
– Ды мы выпадкова сюды трапілі, – адказаў Янка.
– Заблукалі, ці што?
– Можна і гэтак мовіць.
– Во, у нядобры ж час вы сюды трапілі, – з сумам уздыхнуў Вуж.
– Што так?
– Ды яшчэ гадоў колькі таму тут было адно з самых квітнеючых каралеўстваў, а цяпер… – і Вуж зноўку ўздыхнуў.
– А што з ім здарылася?
– Як, вы не ведаеце?
– Не, адкуль? Мы ўпершыню тут.
– Пэўна, вы з надта далёкага каралеўства, – прамовіў Вуж.
– О, гэта так! – пацвердзіў Янка.
– Яшчэ не гэтак даўно, недзе гадоў дваццаць таму, гэтымі землямі кіраваў мудры і добры кароль. І ўсе яго любілі і шанавалі, бо ён клапаціўся пра сваё каралеўства, як ніхто іншы. Усяго сябе аддаваў дзеля дабрабыту гэтай зямлі, і дбаў, каб кожны ягоны насельнік жыў добра. Але невядома, скуль і як з’явіўся чорны вядзьмак Волх. Ніхто не ведае, адкуль ён прыйшоў, некаторыя кажуць, што з самога Лукамор’я. Яму ўдалося выклікаць давер у нашых жыхароў, а потым ён падлабуніўся і да караля. Волх зачараваў яго сваім штукарствам, а калі налучыўся момант – атруціў, а ўсім сказаў, што гэта нехта з каралеўскай аховы ўчыніў. І паабяцаў усім разабрацца з гэтым. Ды так незаўважна для ўсіх і замацаваўся на стальцы.
– А што ж каралеўская ахова?
– А што ахова? Народ паверыў новаму каралю, які ашуканствам захапіў уладу. А ахова, разумеючы, што ўсе падазрэнні на іх, хутка разбеглася.
– Яны што, збаяліся?
– Не ведаю. Мо хто і спалохаўся, а можа, хто і расчараваўся ў жыхарах каралеўства за тое, што яны паверылі ў ману, ды з той крыўды і сышлі. Пра што тут казаць, калі сышоў нават улюбёны волат караля – Вярнігара. Ён мог горы руйнаваць, падымаць і кідаць вялізныя камяні. Гэта быў наймагутнейшы волат…
– Уражвае!
– Так, моцы ён надзвычайнай.
– І што, ён так і не пажадаў вярнуцца?
– Не. Нават калі жыхары і самі ўжо зразумелі, кім ёсць гэты чорны вядзьмак, і пайшлі да Вярнігары прасіць, каб той дапамог пазбавіцца ад Волха, ён не стаў з імі і размаўляць, а толькі сышоў невядома куды.
– А чаму, пане, вы кажаце, што Волх – чорны вядзьмак? Ён што, насамрэч нейкі чарадзей?
– Мажліва, і не самы магутны, але дакладна надзвычай хітры і падступны.
– А што ён можа? На што здольны?
– Волх валодае чароўным кіем, з дапамогай якога выклікае такія рэчы, што і ў начных немарасцях вы не бачылі. Таму яму ніхто не можа даць рады.
– Дык атрымліваецца, уся ягоная моц у тым кіі? – выказаў здагадку Янка.
– Ха! Каб так. Аднойчы адзін з ягоных блізкіх паплечнікаў адважыўся паўстаць супраць яго – завалодаў кіем, які паспрабаваў