Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства. Алег Грушэцкі
няўжо яны не могуць учыніць бунт ды вызваліцца з-за кратаў?
– Ды не ўсё так проста. Іх адмыслова пасадзілі ў розныя камеры, каб не мець магчымасці размаўляць міжсобку. Апрача ваўкалакаў і іншых пачвар, іх пільнуе і Цмок. Таму ўцячы адтуль да смерці падобна.
– Ну не ведаю, што лепей: памерці вольным ці жыць пад прыгнётам?
– На жаль, дух жыхароў нашага некалі славутага каралеўства амаль зламаны. Усе супраць новага караля, але ў іх не стае духу, каб сабрацца разам, даць адпор яму ды ягоным пачварам і ўрэшце зрынуць яго. Магчыма, няма таго, хто аб’яднаў бы ўсіх ды павёў на змаганне пад сваім камандаваннем. А пакуль усе запалоханыя, моўчкі сядзяць па закутках.
– А хто асноўныя яго паслугачы?
– Не ведаю. Але… Вунь бачыце ў полі зняволеных? Прыглядзьцеся. Наўзбоч іх такія адметныя буйныя чорныя фігуры.
– Так, бачу, – прамовіў Янка.
– Гэта яго верныя ваўкалакі. Адзін такі можа раскідаць адразу з дзясятак звычайных людзей.
– Сапраўды, з такім сам-насам не дасі рады.
– Ха! Не тое слова.
– Яны не толькі моцныя. Яшчэ і хуткія, і спрытныя. Таму гэтыя зняволеныя, што працуюць на палетках, нават і не спрабуюць уцячы. Гэта проста бессэнсоўна.
– Гэх, каб ведаць, чым, – махнуў рукой раззлаваны такой несправядлівасцю Янка, – з радасцю дапамог бы.
– Мы дапамаглі б, – выправіла яго сястра, – мы!
– Дзякуй і на добрым слове, ужо прыемна, – лагодна ўсміхнуўся Вуж.
Яны яшчэ крыху пастаялі, са шкадаваннем і абуранасцю назіраючы за працай зняволеных жыхароў каралеўства, пакуль Вуж не нагадаў:
– Ну што, хадзем да Пугача?
– Так! – рашуча выказаўся Янка, якога пачалі захлістваць эмоцыі. – Цяпер я дакладна адчуваю, што трэба да яго ісці.
– Не паспрачаешся. Тады рушым у дарогу! А шлях некароткі, Пугач далёка забраўся ад усіх.
– А што так?
– Ды хто ж яго ведае. Можа, каб не назалялі. Я ж казаў, не дужа ён ахвочы да размоў.
– Зразумела.
– Толькі крочым пакуль узлескам. Хавайцеся крыху за дрэвамі, каб вас гэтыя вартаўнікі не пабачылі. Бо ад іх уцячы амаль немагчыма.
– Дзякуй за параду. Не хацелася б адразу трапіць да іх, так і не пабачыўшы вашага каралеўства.
Яны крочылі сцярожка, хаваючыся за стаўбурамі дрэў, імкнучыся ісці ціха, неўпрыцям, каб ніводная галінка не трэснула пад нагамі. І ўсцяж яны паглядалі на поле, пільнуючыся, каб ваўкалакі іх не заўважылі.
Праточвацца праз лес было нялёгка. На ўскрайку ён быў вельмі зарослы, багаты на разгалістыя дрэвы з густымі хмызнякамі. Хмызнякі штораз даводзілася абыходзіць, і гэта забірала не толькі моц, але і час. Не хацелася б трапіць да Пугача ў цемры. Тут і так было досыць страшна, а прабірацца скрозь начны цёмны лес ніхто не марыў. Ды і затрымлівацца ў гэтым каралеўстве непажадана. Што падумаюць іх бацькі? Да цемры варта б вярнуцца дадому.
Урэшце небяспечныя палеткі засталіся далёка за спінай, лес скончыўся, і непадалёк паўстала невялікая вёска.
– Ну ўсё, – наказаў Вуж, – далей ісці пакуль не раю. Трэба тут пачакаць.
– Чаму? –