Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх. Антось Уласенка
чалавек як заўжды кажа паўпраўду. Тое, што пачалося як вычварэньне, паслужыла добрай мэце. Усё, што я рабіў, павер, я рабіў у імя біяцэнтрызму. Чалавецтва загразла было ў невырашальных супярэчнасьцях і пагражала існаваньню ўсяго жывога. Я ня мог ня дзеяць. Каб парваць з індустрыяльным грамадзтвам і ягонымі жудаснымі параджэньнямі, духоўнае трансфармацыі аказалася недастаткова – спатрэбілася й фізычная. Адную плянэту людзі на той момант зьнішчылі, Гвінвідам я рызыкаваць ня мог.
Фойкэ не стрымалася: затраскатала жаваламі й заторгала вусікамі.
– Няпраўда! Ня дзеля біяцэнтрызму ты стараешся. Ты тэацэнтрысты. Самазакаханы бог. Тысячагодзьдзямі назіраеш, як створаныя табой цацкі жывуць і паміраюць, і цешышся з уласнае ўсёмагутнасьці.
Праваруч пагрозьліва зарыкаў Мадыган, зьверху засыкалі гадзюкі. Кэрнун суняў іх адным гэстам і спакойна пагладзіў Фойкэ па сьпіне.
– Ну-ну, усе вы – мае ўлюбёныя дзеці, я вас папросту даглядаю. А за цябе зараз гаворыць Зялёны чалавек, ягоныя злосьць і зайздрасьць. Гэта чалавечыя эмоцыі, жывёлам яны не да твару.
– У чым жа ён так няправы? Чаму людзі ня могуць падтрымваць біябалянс, жыць у гармоніі з прыродай?
– Могуць. Калі зьяўляюцца ейнаю часткаю. Калі перастаюць быць людзьмі. Бо пакуль імі застаюцца, паўсюль нясуць з сабою самаразбурэньне. Гэта Зялёны чалавек навучыў антрапацэнтрыстых забароненым тэхналёгіям. Адказнасьць за іх сьмерць ляжыць на ім. Паглядзі, усё ўжо скончваецца.
Калі б Фойкэ падняла свае фасетачныя вочы ўгару, яна б убачыла, што над гарызонтам узышоў Анун – спадарожнік Гвінвіду. Па ўсёй ягонай паверхні былі відаць зарнічныя выбліскі ракетных выбухаў. Падбітыя касьмічныя станцыі зьнічкамі падалі зь нябёсаў на тле туманнасьці Кілю. Зьнічак рабілася ўсё менш.
Але Фойкэ вачэй не падняла. Тых самых вачэй, якія маглі глядзець на сто восемдзесят градусаў. Імі яна адначасна бачыла Мадыгана, які неадрыўна сачыў за ёй, справа і голы жывот Кэрнуна, да якога прыціскалася чэраўцам, зьлева. Тыдзень таму на загад Зялёнага чалавека яна лятала на арбітальную станцыю да сьветлякоў, якія пасьпелі адгадаваць сабе пяціпальцавыя канцавіны й навытырыцца ў біяінжынэрыі. Там зь ейнага яйкакладу вынялі ўсе яйкі, замяніўшы іх фугаснымі бомбачкамі.
Рэзкім рухам Фойкэ выгнулася і ўсадзіла джала ў бок рагатаму богу. Ён застагнаў. У той жа момант Мадыган учапіўся ёй у грудзі, гадзюкі атакавалі галаву. Але было позна. Яна напружыла чэраўца й павыціскала бомбачкі ўнутар Кэрнуна. Фойкэ да апошняга ня верыла, што ў яе атрымаецца забіць бога, хоць Зялёны чалавек і запэўніваў, што той – просты сьмяротны.
Выбухнула.
У Ноч разьятраных зораў на Ануне й на арбіце загінула каля двух мільярдаў. Зялёны чалавек кажа, яны не былі людзьмі ў сучасным разуменьні, то й пераймацца дарма ня варта. Гэта гісторыя. Трэба жыць далей.
Тае начы пачалося нашае вяртаньне да людзкасьці. У каторых з нас дагэтуль засталіся хвасты й мацалы, але гэта рудымэнты, ня больш за тое.