Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi. Алег Грушэцкі
і ўзлезці на валун, які ляжаў непадалёк ад магутнага разгалістага дуба.
Нават не верыцца – яны ізноў на той самай дзівоснай паляне, на тым месцы, дзе ў мінулы раз пачаліся іх вялікія прыгоды. Чароўная краіна залюстрэчча – каралеўства Сварга!
Усё амаль так, быццам нічога і не змянілася. Нават вужык на тым жа камяні, калі яны першы раз сустрэліся.
– Дзень добры, пане Вуж! – павіталася першай Мілана.
– Дзень добры, шаноўныя!
Павітаўся і Янка, але затым дзеці падазрона ўтаропіліся на змяю. Яны быццам і пазнавалі свайго старога сябра, але нешта было не так. Вуж быццам памаладзеў, нават голас яго гучаў не так.
– Бачу ў вашых вачах пэўную разгубленасць, – пачаў вужык, заўважыўшы збянтэжанасць юнакоў.
Яны насцярожана маўчалі.
– Так, я насамрэч не той, каго вы чакалі ўбачыць. Я зараз усё растлумачу. Справа ў тым, што я сын таго Вужа, якога вы ведалі.
– Пана Вужа? – нарэшце прамовіў Янка.
– Так.
– Ха! А мы глядзім і не можам зразумець. Быццам бы прад намі наш стары знаёмы, а быццам бы і не. Але ж як вы падобныя!
– Дзякуй. Я вельмі ганаруся ім. Прызнацца, і я напачатку сумняваўся, ці то вы. Але ж цяпер, – акінуў ён іх позіркам з ног да галавы, – я дакладна бачу, што вы – героі, якіх мне апісваў бацька.
Янка з Міланай пераглянуліся, і вочы іх у захапленні загарэліся. Яны ізноў былі тымі самымі – статным рыцарам у бліскучых даспехах і прыгожай юнай каралеўнай з пераліўнай на сонцы шыкоўнай дыядэмай.
– Але ж, – пацікавіўся Янка, – дзе ён, ваш бацька? Чаму ён сам не з’явіўся? Мы былі б усцешаныя яго бачыць.
– Ён… – адразу ж змяніўся той у твары, – Баюся, вы не зможаце з ім пабачыцца.
– Як?
Вуж цяжка ўздыхнуў:
– Ён загінуў, як сапраўдны герой, у бітве за наша каралеўства.
– Прабачце, мы не ведалі, – засмуціліся Янка з Міланай. – Як шкада…. Мы шчыра спачуваем.
– Дзякуй, – з сумам у голасе прамовіў няшчасны.
– У нас пра яго былі толькі найлепшыя думкі і ўспаміны. Мы разам з ім шмат праз што прайшлі. Ён быў побач з намі ўвесь той час, што мы правялі ў каралеўстве. Ад пачатку і да канца…
– Так, я ведаю. Ён таксама мне апавядаў пра вас толькі добрае заўжды. Нават у апошнія хвіліны, калі быў смяротна паранены падчас той бітвы.
– Якой бітвы? – не зразумелі юнакі.
Наколькі яны памяталі, падчас ніводнай з бітваў, у якіх яны разам змагаліся, іх сябра не быў паранены. А тым больш смяротна.
– Ах, вы ж не ведаеце. З таго часу, як вы былі тут апошні раз, шмат чаго адбылося. І ў тым ліку не самага лепшага.
– Што такога страшнага магло адбыцца за той невялікі прамежак, які мы адсутнічалі?
– Невялікі? Вас не было амаль сем гадоў!
– Сем гадоў? – Мілана не дала веры сваім вушам.
Яна нават падумала, што Вуж нешта блытае ці не тое хацеў сказаць. Але брат тут жа тузануў яе за сукенку:
– Тут жа час па іншаму ідзе, чым у нас. Памятаеш?
– А, так. Амаль сем гадоў… – сцяміла што да чаго Мілана і не стала спрачацца. – Як жа час хутка бяжыць.
– Прабачце,