Размова з люстэркам. Коллектив авторов
цяпер далікатэсам для гараджан.
– Свацейка, ну калі ты ўжо супакоішся? – ушчувала Шурыху Вольга Адамаўна, Міхасёва маці. – Дзеці жывуць дай божа так жыць кожнаму, ні ў чым не маюць патрэбы. На той свет капейкі свае забярэш?
Міхась ахвотна дапамагаў і бацькам, і цешчы вясной пасадзіць бульбу, а ўвосень яе выкапаць, і мотаблок прыдбаў для гэтых спраў. Хлопцы на працы паджартоўвалі з яго:
– Якая практычнасць – ажаніцца з дзеўкай са сваёй вёскі! А то спачатку сваім бацькам бульбу пасадзі, потым да цешчы едзь. Усе майскія святы кату пад хвост!
Хлопцы пакеплівалі і па-добраму зайздросцілі. А Міхась і не спрабаваў ім запярэчыць. Навошта расказваць, што з цешчай яму не надта пашанцавала? Хаця якраз цешча лічыла, што гэта ёй не пашанцавала з зяцем. Ну хіба ж думалася, што яе разумніца, яе прыгажуня, яе прынцэса выйдзе замуж за шараговага хлопца са сваёй вёскі? Не, пра Краўчанкаў нічога дрэннага яна не скажа, звычайныя людзі, гаротнікі, як і яна. У іхнім родзе ні лодараў, ні выпівох не было ніколі. Але ж і прынцаў не мелася таксама. А хацелася вясковай кабеце радню займець багатую ды ўплывовую, каб дачцэ лягчэй было ў жыцці, каб не паўтарыла матчынай долі. Яна падымала дачок адна, Шурык, былы муж-п’яніца, жыў са сваёй маці і не дапамагаў нічым. Усяго што даў ёй – толькі вясковую мянушку Шурыха, якая прыклеілася да жанчыны на ўсё жыццё.
Шурыха выпіналася з усіх сіл, каб дзеўкі, як гаворыцца, выбіліся ў людзі. Якія там заробкі ў паляводаў? Дык навучылася шыць, Людміле і Марылі такія прыдумляла ўборы, што хадзілі лепей апранутымі, чым дачка старшыні калгаса. Нават некаторыя райцэнтраўскія модніцы да яе прыязджалі з заказамі. І праз пэўны час ужо шчыравалі ўтрох: маці здымала меркі і кроіла тканіну, Марыля шыла, а ўжо розныя там густоўныя аздабленні былі клопатам старэйшай дачкі.
Але зусім не шаўчыхамі павінны стаць яе дзеўкі. Яна бачыла па тэлевізары іншы ўзор: прыгожыя дагледжаныя жанчыны з нафарбаванымі пазногцямі жывуць у горадзе ў прыгожых кватэрах з усімі выгодамі, гуляюць па шырокіх вуліцах і парках, ходзяць па вялізных крамах. Культурная праца і культурнае жыццё – вось да якой мэты трэба імкнуцца яе дочкам.
Старэйшая, Люда, апраўдала матуліны надзеі: скончыла каледж і ўдала выйшла замуж за хлопца з кватэрай у абласным цэнтры. А малодшая, на якую ў Шурыхі былі яшчэ большыя планы, бо нарадзілася Марыля сапраўднай прыгажуняй і вучылася лепей, праваліла ўступныя экзамены ў інстытут і ў тое ж лета выскачыла замуж за суседчынага Мішку, які вярнуўся з арміі. І сам балбес без прафесіі, і дзяўчыне сапсаваў жыццё, бо дачка адразу ж зацяжарыла. Дарэмна Міхась бажыўся, што ўсё зробіць, каб Марыля была шчасліваю. Шурыха адмовілася ладзіць вяселле і нават перастала вітацца са сватамі.
Колькі гадоў цягнулася гэтае супрацьстаянне? Міхась вымушаны быў пайсці вучыцца ў прафтэхвучылішча, бо там быў сямейны інтэрнат і маладым далі пакойчык. Але мару пра інстытут не кінуў: нельга яму адставаць ад першага зяця, які быў з вышэйшай адукацыяй і з неблагім заробкам. І Марыля