Размова з люстэркам. Коллектив авторов
дае нам нечаканыя ўрокі. Калі цешча сур’ёзна захварэла, не любімы зяць, а менавіта Міша забраў яе ў сваю кватэру, вазіў па бальніцах, знаходзіў сталічных медыцынскіх свяцілаў, даставаў дарагія лекі. Чатыры няпростыя гады яны пражылі пад адным дахам без сварак і крыўды.
Аднойчы старая, калі Марыля затрымлівалася на працы, а Міхась вымушаны быў зрабіць хворай укол, сказала:
– Памерці не магу спакойна, сумленне не дае. Даруй мне, Мішка, што не любіла я цябе. Калі можаш, даруй…
Даўно дараваў, яшчэ тады, калі неяк ягоная маці пасля чарговай Шурышынай водпаведзі сказала:
– А што ж ты хочаш, Міша? Лепшай дзяўчыны ў нашым Зарэччы было не знайсці. Сынок, пра такую нявестку я магла толькі марыць. І Шурыху можна зразумець.
Зразумеў, калі сам стаў бацькам дарослай дачкі. Калі з пэўнай бацькоўскай рэўнасцю прыглядаўся да кожнага Алесінага аднакласніка, які бываў у іх дома і на лецішчы. Калі прадузята распытваў дачку-студэнтку пра новых сяброў ва ўніверсітэце, а потым прыглядваўся да яе маладога чалавека, з якім Алеся збіралася пабрацца шлюбам пасля вучобы.
…Бацькам вырашыў не тэлефанаваць. Спалохаюцца, чаму гэта так знячэўку, без дай прычыны? Ніякай пільнай працы няма, агароды ж адсеялі, ды і агарода таго ўсё меней: спачатку адмовіліся ад сотак у полі, потым вулічныя соткі аддалі маладзейшым суседзям у лэндліз, як жартаваў бацька – тыя восенню аддавалі тры мяшкі адборнай бульбы. А з градамі спраўляліся самі.
Калі ж папярэдзіць і патлумачыць, што проста засумаваў па іх, бацькі зноў жа з хваляваннем будуць чакаць ягонага прыезду.
– Сынок, сёння ўсю ноч заснуць не магла, усё думала ды ўспамінала, – прызнавалася вясною маці. Бацька сустрэў моўчкі, але пасля ўмудрыўся некалькі разоў перадрамаць у крэсле, і сын здагадваўся, што і стары хваляваўся ад радасці і таксама, відаць, дрэнна спаў, чакаючы сына.
Хлопцы выраслі, раз’ехаліся, займелі свае сем’і, а бацькі заўсёды хвалююцца пры сустрэчы. А ён сам, Міхась? Кожны раз, калі пад’язджаў да свайго Зарэчча, аж сэрца выскоквала з грудзей. Вось калгасны сад, у якім ён ведаў кожную яблыню і кожную грушу – летам школьнікі няблага зараблялі на ўборцы ўраджаю. Вось школа – стандартны трохпавярховік, але ў атачэнні акацый, якія калісьці садзілі настаўнікі разам з вучнямі і якія зараз вельмі ўпрыгожваюць гэты куточак. Праўду казаў калісьці настаўнік геаграфіі Алесь Маркіянавіч, што лепшага месца, чым тое, дзе зарыты твой пупок, на ўсім свеце не знайсці. Калі б нарадзіўся ў якой-небудзь маленечкай непрыкметнай вёсачцы, любіў бы, напэўна, яе гэтаксама.
Але ж яму пашанцавала: Зарэчча недарэмна было калісь панскай сядзібай. Вёска размешчана ў маляўнічым месцы ўздоўж ракі. Па адзін бок яе – прыгожы парк яшчэ з тых панскіх часоў, з ліпавымі алеямі, раскідзістымі вербамі, высачэзнымі таполямі. Па другі бок – значна маладзейшы дубовы гай, які садзілі вяскоўцы пасля вайны ў гонар тых, хто з яе не вярнуўся. І да райцэнтра рукой падаць – напрамкі праз мост, далей прыгожым, з мноствам кветак, лугам,