Святло далёкай зоркі. Уладзімір Касько
драджэння.
А. К. Сержпутоўскі. 1864–1940
З думкай пра Беларусь
У гэты вечар ён, як заўсёды, прыйшоў да канала Грыбаедава, не ведаючы яшчэ, што прыйшоў сюды ў апошні раз. Не, ён не думаў пра смерць, хаця ўжо адчуваў на сабе яе халоднае дыханне. Хвароба лёгкіх, сардэчная недастатковасць для пажылога чалавека вельмі небяспечныя, а асабліва, калі ўсур’ёз ніколі не лячыўся і не мог прыпомніць, калі дазваляў сабе купіць фрукты, гародніну, малако. Яго невялікай пенсіі не хапала на такую раскошу. Купіць бы самыя неабходныя прадукты харчавання, дровы, заплаціць за кватэру, электрычнае святло. А тут яшчэ і жонка захварэла, ёй лякарствы патрэбны…
Аляксандр Казіміравіч падняў каўнер пацёртага паліто, абапёрся рукамі на халодную чыгунную рашотку, што акружала берагі канала, пастараўся адагнаць прэч невясёлыя думкі. Гэты сум, неспакой – ад хваробы, ад гадоў, як-ніяк семдзесят шосты пайшоў. Колькі дарог пройдзена за гэты час! З якімі людзьмі лёс звёў! Нарэшце, хіба не шчасце гэта – лепшыя гады жыцця аддаць рабоце ў славутым Рускім музеі – цэнтры сусветнай культуры, штодзённа праходзіць каля яго, бачыць яго з акна сваёй кватэры…
З боку Фінскага заліва дзьмуў свежы сакавіцкі ветрык. Праз дзень-другі на Няве пачнецца крыгалом, а там і вузенькі канал вызваліцца ад лёду.
Цікава, а як там зараз на Беларусі? Відаць, таксама вясной пахне… Прыпяць, Лань хутка скінуць ледзяны панцыр, прыляцяць шпакі, буслы…
Сержпутоўскі перавёў позірк на неба, быццам хацеў убачыць у ім стройныя касякі пералётных птушак, што вярталіся з паўднёвых краін да сваіх гняздоўяў.
Позірк спыніўся на зіхатлівай зорцы, якую Аляксандр Казіміравіч даўно выдзеліў сярод соцень іншых зорак. Ад яе струменілася нейкае асабліва цёплае святло. Такім бывае святло, што льецца з акна бацькоўскай хаты.
Дзе тая хата? Тое акно? У ціхай вёсачцы Перавалокі ці на хутары Дарагацішча ў далёкай Беларусі, дзе прайшлі гады маленства? З прасветленым тварам, радасцю на сэрцы пакідаў ён хаты беларусаў, рускіх, аварцаў, ад якіх запісваў народныя творы на працягу сарака з лішнім гадоў. Цэлы свет адкрываўся яму пры тых сустрэчах.
Даўно гэта было. Вельмі даўно. I тым не менш кожны ўспамін пра былое хвалюе душу, сагравае сэрца, як святло той зоркі, што нагадвае яму родную Беларусь.
Аляксандр Казіміравіч адвёў позірк ад зоркі, не спяшаючыся пайшоў у напрамку свайго дома. Мінуў вуліцу Бродскага, перасек плошчу Мастацтваў ля Рускага музея, увайшоў праз вузкую арку ў ціхенькі дворык, адтуль – у слаба асветлены пад’езд дома нумар чатары па Інжынернай вуліцы.
Вось і яго кватэра. Маленькая прыхожая, такая ж кухня і два пакойчыкі метраў па дзесяць-дванаццаць. У адным з іх спальня. У грубцы з дрывяным ацяпленнем ужо больш за тыдзень не разводзілі агню – няма грошай, каб купіць вугаль або дровы.
I электрычнае святло выкарыстоўвалася па гэтай прычыне Сержпутоўскімі не часта. Аляксандр Казіміравіч прызвычаіўся працаваць пры газавай лямпе. На газавым прымусе яны і ежу гатавалі. Адно спадзяванне на тое, што Акадэмія навук Беларусі, якой вучоны перадаў большасць сваіх прац, стрымае нарэшце слова і вышле за іх плату. Хаця б невялікую, хаця б з даўгамі разлічыцца, тое-сёе з ежы купіць і лякарствы для хворай Праскоўі Мікалаеўны. Трэба чакаць і спадзявацца…
Аляксандр Казіміравіч, не распранаючыся, прайшоў у пакой, які служыў яму кабінетам, прысеў на крэсла перад сталом. Крэсла адазвалася сухім скрыпам-стогнам.
«Старое, як і яго гаспадар, – усміхнуўся сам сабе Сержпутоўскі. – Разбагацею – куплю новае. Хаця навошта яно, новае?» На гэтым крэсле, за гэтым сталом столькі прац напісана, і яшчэ можа давядзецца, дасць бог, што-небудзь напісаць. Дарма, што ўжо дзесяць гадоў на пенсіі лічыцца. За гэты час не было ніводнага дня, каб не прыйшоў у свой музей. Маладым супрацоўнікам трэба дапамагчы парадай, бо старых засталося зусім мала. Хто памёр, а хто далёка на Калыме, на Салавецкіх астравах. Ды хіба толькі старым такі лёс выпаў? I маладых ён не мінуў. Ніначка Гаген-Торн, былая яго студэнтка, які ўжо год у высылцы. I ці вернецца? А здольная якая была! Шмат страціла этнаграфічная навука. I яшчэ страціць можа…
Аляксандр Казіміравіч дастаў з шуфляды стала папку, раскрыў яе. На вочы трапіў лісток са справаздачай аб яго навуковай дзейнасці. Літаральна днямі дырэктар Рускага музея папрасіў сваіх супрацоўнікаў прадставіць такія даведкі. Сорак пяць сур’ёзных навуковых прац напісаў Сержпутоўскі, кожная другая з іх – фундаментальная. Па мовазнаўстве, фальклоры, этнаграфіі. За сорак шостую, якая павінна была падвесці вынікі дасягненняў беларускай этнаграфічнай і фалькларыстычнай работы за апошнія пяцьдзясят гадоў, Аляксандр Казіміравіч меў намер узяцца з дня на дзень.
Сержпутоўскі дацягнуўся рукой да лямпы, што стаяла на шырокім падаконніку, другой пастараўся знайсці пачак з запалкамі. Але запаліць агню не змог. Востры боль раптоўна працяў лёгкія, адазваўся ў сэрцы. Пацямнела ў вачах, і ён паволі асунуўся ў сваім крэсле. Не чуў, як на крык жонкі прыбеглі ўстрывожаныя суседзі, як выклікалі «хуткую дапамогу». Не суджана было яму больш убачыць сваю зорку…
Пяро