Святло далёкай зоркі. Уладзімір Касько
тым больш што аб’ектам яго вывучэння з’яўляліся народнасці, якія найбольш прыгняталіся афіцыйнымі коламі царскай Расіі. Насуперак буржуазным этнографам, што сцвярджалі, быццам народы Расіі жывуць паміж сабой у варожасці і нянавісці, Сержпутоўскі пастаянна падкрэсліваў факты дружалюбнасці і добрасуседства паміж імі, указваў на сапраўднага ворага ўсіх прыгнечаных – царызм.
Асабліва значны ўклад унёс А. К. Сержпутоўскі ў вывучэнне духоўнага жыцця беларусаў Палесся – адной з найбольш адсталых у той час і слаба вывучаных ускраін царскай Расіі. Дзякуючы працам вучонага, дайшлі да нас апісанні жыцця, самабытных звычаяў і абрадаў беларусаў-палешукоў, якія даюць яскравае ўяўленне аб іх вераваннях, маралі, занятках.
Знаёмства са звычаямі і абрадамі беларусаў мае не толькі пазнавальную каштоўнасць, але і практычнае значэнне. Яно дазваляе даць правільную ацэнку тым традыцыям, якія захаваліся ў сучасным народным побыце, выкарыстаць лепшыя элементы традыцыйнай народнай абраднасці пры стварэнні новых беларускіх абрадаў.
А. К. Сержпутоўскі быў сапраўдным наватарам у беларускай этнаграфічнай і фалькларыстычнай навуцы. Ён адным з першых сярод збіральнікаў-фалькларыстаў звярнуў сур’ёзную ўвагу на асобу казачніка, імкнуўся запісваць ад найбольш здольных, таленавітых, прагрэсіўных людзей. Гэтым, галоўным чынам, і тлумачыцца вялікая сацыяльная завостранасць казак, запісаных ім, у параўнанні з творамі, сабранымі іншымі фалькларыстамі.
Вялікае месца ў даследаваннях А. К. Сержпутоўскага займалі праблемы стану і далейшага лёсу беларускай мовы. Яго мовазнаўчыя працы атрымалі высокую ацэнку сусветна вядомых у гэтай галіне вучоных акадэмікаў Д. К. Зяленіна, Я. Ф. Карскага, А. А. Шахматава.
Вывучаючы помнікі матэрыяльнай культуры, старажытныя промыслы, звычаі і абрады, светапогляды і творчасць беларусаў-палешукоў, вучоны імкнуўся даць ім сацыяльна-гістарычнае тлумачэнне, зыходзячы з прыродна-геаграфічных і сацыяльных умоў жыцця народа, што надавала яго навуковым працам грамадскае гучанне.
Асаблівай вастрынёй і крытычнай накіраванасцю характарызуюцца народныя творы, апублікаваныя ў зборніку «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» (1911), у якіх бязлітасна крытыкаваліся паны і царскія чыноўнікі, папы і ксяндзы, адлюстроўвалася ўзрастаючая палітычная самасвядомасць простага народа, яго пратэст супраць сацыяльнай несправядлівасці і існуючага дзяржаўнага ладу. Упершыню ў шэрагу твораў у яркай мастацкай форме народ раскрыў сапраўдныя крыніцы абагачэння эксплуататараў, паказаў, што грошы і золата багацеяў – гэта кроў і пот людзей працы.
Зборнік Сержпутоўскага быў зусім новай з’явай не толькі ў расійскай дарэвалюцыйнай фалькларыстыцы, але і ў фалькларыстыцы ўсіх славянскіх народаў. Гэтая кніга канчаткова разбурыла памылковую думку, якая панавала ў тагачаснай гуманітарнай навуцы, аб беларускай народнай прозе як пераважна міфічнай творчасці, паказала свету мастацкія здольнасці беларуса,