Музы і свінні. Уладзіслаў Ахроменка
Палерма!
Мафіёзі налівае сабе паўнюткую, як вока, чарку, куляе нагбом. Мружыцца, запальвае цыгару, зноў налівае, прыгадвае дзяцінства. Мілая халупа на ўзбярэжжы шумнацечнага Нёмана, бар-міцва старэйшага брата, найсмачнейшы ў свеце гефельтэ-фіш у выкананні цёці Хасі… А якая ў Гародні прыгожая Харальная сінагога з суворым рабі Мардэхаем! Цікава, жывы яшчэ той стары поц?
Па гангстэрскай шчацэ паволі спаўзае самотная празрыстая сляза, і пяшчотныя аблокі сантыменту здрадніцкі ахутваюць закарэлую душу. І Меер нарэшце разумее, што чарнадупыя сіньёры сапраўды маюць рацыю. А яшчэ разумее, што было б вельмі дарэчы ўцерці насы тае басоце-галоце. Ён шчоўкае пальцамі, і ў офісе нібы з паветра матэрыялізуюцца двое маладых людзей ў модных капелюшах і доўгіх шэрых плашчах. Вельмі дасведчаныя гангстэры, хаця, канешне, свае браты-аіды.
Аіды яны аіды, але ўжо новай, амерыканскай фармацыі. Ідышу саромеюцца, да сінагогі не ходзяць. Нават імёны свае перайначылі на амерыканскі капыл: Майкл і Сэм.
Ланскі дастае з сейфа дарагі скураны кейс, ставіць на стол.
– Джэнтльмены, Коза Ностра даручае вам вельмі адказнае, але далікатнае заданне. Заўтра выпраўляецеся ў Стары Свет, у горад Гародню. У тамтэйшай Харальнай сінагозе ёсць такі рабі Мардэхай. У гэтым кейсе – дзесяць тысяч даляраў. Аддайце яму гэтыя грошы і скажыце, што іх у знак павагі прыслаў маленькі Меер. Хай сінагогу адрамантуе. А то што пра нас людзі падумаюць?
– Гародня? – перапытваецца гангстэр Майкл. – А гэта дзе, у Румыніі ці ў Сібіры?
– А Мардэхай – тамтэйшы мафіёзі? – прыкідае гангстэр Сэм. – Гародня – горад у Польшчы. Мардэхай – рабі ў сінагозе. А вы, калі будзеце задаваць залішнія пытанні, скончыце сваю жыццё ў Іст-Рывер, – добразычліва абяцае Ланскі. – Усё зразумела?
– Усё зробім у лепшым выглядзе, бос! – абодва гангстэры выцягваюцца струмка. – «Мэшын-ганы» з сабой браць?
– Ша, джэнтльмены! – рухам дасведчанага шынкара асаджвае Меер. – Навошта вам там зброя?
– А можа таго містэра Мардэхая хто пакрыўдзіў… Дык мы хуценька! Мы ж не толькі за гешэфт працуем, але і з-за любові да мастацтва!
– Не трэба ў маёй Гародні шухер наводзіць. Кейс толькі аддайце – і сюды. І не забудзьцеся сказаць, што гэта, маўляў, ад маленькага Меера! Чакайце, чакайце… Фальшаваныя пашпарты і грошы на прадстаўнічыя выдаткі возьмеце ў Яшы Гузіка, майго менеджэра ў Нью-Йорку!
Наступным днём чыкагскія мафіёзі выпраўляюцца ў Стары Свет. А дарога чакае няблізкая. Параходам да Гамбурга, адтуль цягніком да Берліна, адтуль да Варшавы, і толькі з Варшавы – да Гародні.
Прыязджаюць містэр Майкл і містэр Сэм на месца, селяцца ў найлепшым гатэлі на Раскошы. І думаюць-маракуюць: што ж гэта за такі страшны аўтарытэт, той рабі Мардэхай, калі сам Меер Ланскі яму плаціць, ды яшчэ такую суму?!
А дзесяць тысяч баксаў на тыя часы – шалёныя грошы. Кошт модных скураных чаравікаў на Манхэтане – адзін даляр. Прадстаўнічы браніраваны «лінкольн», на якім