Тэорыя змовы. Уладзіслаў Ахроменка
трансфарматарнае гудзенне.
Пякельная панначка нервова матлянула хвастом. Парнакапытны брынкліва замэкаў, прыўзняўся з фатэльчыка і агледзеўся. Пуцаценькі, які толькі што салодка спаў паміж балотнай флоры, цяпер свідраваў кампутар нявіннымі валошкавымі вачыма і шкадліва пры гэтым пасміхаўся. Казёл пагрозліва прыўзняў над ім капыто, але ж у гэты час з экрана данеслася ўжо знаёмае яму конскае іржанне, у якім выяўляліся відавочна агрэсіўныя ноткі.
Экран раптоўна аджыў, і гэта прымусіла нячысцікаў забыцца на немаўля. Паводле законаў драматургічных спекуляцый, на экране адразу з’явіўся буйны план: старарымская дзіда на барвовай падушцы. Месяцовы прамень бліснуў на дзюбе пякучай знічкай, і Казёл прагна прымружыў вочы.
На выяву наклаўся ўладны голас Боны:
– Месір Гастэла мусіць засведчыць Яго Свяцейшаству: мы дбайна перахаваем Дзіду Лангіна. Але як толькі рагатае быдла адсунецца ад Рыма, мы неадкладна павернем суперзброю законным уладарам!
Казёл нецярпліва паглядзеў на Прашмандоўку: маўляў, а дзе ж цяпер твой паэт? Без гэтага ідыёта да святыні не падступіцца…
Паэтаў твар узнік у наступным кадры. Стоячы на парапеце фантана, Скіргайла неўпрыкмет касавурыўся на падушку з Дзідай, да якой можна было дацягнуцца рукой. Культавая італьянка знаходзілася на аналагічнай адлегласці. Шархуны блазенскага каўпака нервова дзінькалі: у паэце відавочна адбывалася барацьба паміж імгненнай мэтазгоднасцю і аўтарскім самалюбствам.
Як і мае быць, самалюбства перамагло.
– А можна, я вам свае адраджэнскія вершыкі пачытаю? – дрыготкім голасам прапанаваў малады спецыяліст.
Каралева Бона зірнула на паэта з прыхаванай іроніяй.
– Блазенскія вершы? Зрабі ласку…
Празрыста цурчэў фантан, і пырскі блішчэлі ў святле паходняў таямнічымі дыяментамі. Ад сталоў плыў цудоўны водар стараліцвінскіх прысмакаў.
Скіргайла адкашляўся, выцер спатнелы лоб і ганарліва выпрастаў спіну:
Як паэтычна пахне каўбаса!
Даўно грыбочкі ў бочачцы стамілісь.
А ў пляшачцы так дыхае краса,
Гарэлачка з Палесся прытаілась!
Грамада падтрымала дэкламатара ўхвальным гулам. Шляхотныя кавалеры і прыўкрасныя паненкі шматзначна перазірнуліся. Засцянкоўцы-выганоўцы голасна дэкларавалі, што такому чалавеку варта наліць.
Адраджэнскі паэт змачыў перасохлае ад хвалявання горла рэшткамі «Аліварыі» і з дакорам глянуў на Бону: маўляў, нашто ты Дзіду Лангіна павяртаць сабралася? А як жа наша шматпакутная Беларусь абароніцца ў будучым ад рагатага быдла?
І Скіргайлаў голас зазвінеў нечаканым металам:
І сала ў кмене – вуснаў прагных мэта.
І з печы хлеб, і з хрумсткай шкваркай гусь.
Калі ты млееш, слухаючы гэта,
Чаму ж ты, блядзь, не любіш Беларусь?![1]
Агні паходняў злякана здрыгануліся. У злавеснай цішы дзінькнула і сцішылася лютня.
– А
1
Беларуская версія ўкраінскага мабільнага рынгтону, аўтарка адаптаванага перакладу Аксана Спрынчан.