Ніякай літасьці Альгерду Б.. Альгерд Бахарэвiч
і “шасьцёрачкі”, як усе гэтыя тоненькія папяроскі, разьлічаныя хіба што на хуткі флірт, але ніяк не на сур’ёзныя стасункі. Сіні Ўінстан – наша кубінская цыгара, апошні выдых памерлай рэвалюцыі.
Курыць сіні Ўінстан – значыць кінуць агеньчык пад ногі набеглым аўтобусам і паехаць увечары на сотцы ў цэнтар. Сіняга Ўінстана акурат хапае, каб дайсьці ад прыпынку да кнігарні. Позьнім вечарам ты выходзіш на двор, разам з Ўінстанам Сінім – ён будзе тваім гідам па гэтых мясьцінах. На яго не абарочваюцца, ён такі, як усе. Курыць сіні Ўінстан – значыць сустракаць восень, далучыцца да яе гаркавых вогнішчаў. Гэта значыць, што на асфальтавай баскетбольнай пляцоўцы так ачмуральна пахне падгнілымі дзічкамі. Гэта значыць думаць пра Стакгольм, куды яна паляціць… паляціць ужо заўтра, будзе бачыць там высокіх мужчынаў са скандынаўскімі скуламі, якія ніколі ў жыцьці не курылі сіняга Ўінстану, зробленага ў РБ, і таму будуць жыць доўга і заўжды глядзець на нас звысака.
І правільна зробяць: курыць сіні Ўінстан значыць быць нізкарослым і вымарачаным, значыць глядзець сабе пад ногі ў спадзяваньні знайсьці хоць нешта. Мусіць жа для кожнага кагосьці недзе быць сваё нешта. Ён свой у дошку, у камень пад нагамі, у бляху сьметніцы, аб якую ты яго тушыш. Ён абвязаны чырвонай паліцэйскай стужачкай з надпісам: “Только для продажі в Республіке Беларусь”. Ён дражніць: усё пад кантролем, Ру дэ ля Габэль 1, Каруж, Жэнэва, паблізу ад парку Акацыяў, недалёка ад вуліцы Маладосьці… Сіні Ўінстан – гэта такі варыянт Эўропы бяз нас. Проста яго дым занадта смалісты, а на іншы тут няма попыту.
На магіле Бродзкага на Сан-Мікеле заўжды ляжыць расьпячатаны пачак сіняга Ўінстана – у суседзтве з нататнікам і асадкай. І пляваць, што сіні Ўінстан у дадзеным выпадку – ня больш чым белы “Парлямант”. Сіні Ўінстан можа быць хоць Беламорам – на ягоным кончыку пачынаюцца ўсе тэксты. Сіні Ўінстан даканаў іх Іосіфа. Даканае і твайго.
Курыць яго – значыць адвучыцца вітацца зь незнаёмымі. Не казаць кожнаму “добры дзень”, як ранішні рэвізор. Навучыцца гаварыць тады, калі сказаць няма чаго. Паважаць невыноснасьць для чужога тваёй цішыні. Сіні Ўінстан – у перакладзе зь беларускай гэта значыць “вярнуцца”. Сіні Ўінстан – гэта значыць, што без пакету табе ўжо не абысьціся. Дайце два.
Па беларускім моры – менскім моры безь мяне – плыве Ўінстан Сіні, пыхкаючы шэрай трубой. Вецер, дробная крошка, застаецца трошкі: якар з паперы, палуба з цэляфану, ветразі з фальгі.
Ліст таварышу Кнорыну
Дарагі Вільгельм Георгіевіч, dārgais biedri Knorin, прачытаў надоечы пра тое, як вы гаварылі з трыбунаў высокім жаночым голасам і таму вас ніхто ня слухаў… Пра ваш невынішчальны латыскі акцэнт. Пра тое, як сабака тужліва выў перад самым арыштам і як вас прымушалі стаяць стайма па дваццаць чатыры гадзіны на дзень падчас допытаў – і нешта так шкада вас зрабілася, хоць ты плач.
Вось жа клятая сэнтымэнтальнасьць… Амаль нямецкая (у нас зь імі шмат