Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд Бахарэвiч
паразумнелымі вачыма, няголены, паміж расстаўленых ног – заплечнік, у руцэ – гвазьдзікоў букет, сам – пасівелы брунэт. То бок, не Сіманенка, вядома ж, але нехта дужа падобны. Сафія нацягнула на плячо шлейку камбінацыі, заміргала, закрываючы рукой грудзі, зморшчылася, пазяхнула і прыгадала.
(…«Мы, канечне, патэлефанавалі яму, ён, канечне, прыедзе, – хутка казала сьвякруха, чымсьці пазвоньваючы – ці то чайнай лыжачкай, ці то ключамі ад сьвёкравага сэрца. – Самалётам. Канечне, пажыве ў цябе. Так мы вырашылі. Табе адной, канечне, нельга заставацца ў такі час. Вядома, дапаможа табе, пакуль ня вернецца твой…»
Тут сьвякруха закалацілася ў плачы, і звон зрабіўся бесьперапынны. А за кватэру хто плаціў? Сіманенка. Яна пасьпела прыкінуць: грошай, заробленых Сіманенкам, ёй мусіла хапіць амаль на год – калі жыць сьціпла, эканомячы на ўсім, чым можна. Таму Сафіі нічога не заставалася, як безь пярэчаньняў прыняць гэты пазаўчорашні ультыматум сьвякрухі. Яна купіла таго-сяго, думаючы, што госьць, а пагатоў – госьць-жылец ёсьць зьяваю непрадказальнай і ўсё адно чагосьці ня хопіць, давядзецца зноў думаць за дваіх, гатаваць на дваіх, улічваць прысутнасьць, не расслабляцца і, напэўна, зноў часам гаварыць што прынята, а ня тое, што мае значэньне. Але I will survive, вырашыла яна, мо гэта і да лепшага…)
«Данілка, – сказала яна, шырока і ласкава ўсьміхнуўшыся. – Заходзь, чаго стаіш? Сказалі, ты ўвечары прылятаеш, я не чакала так рана».
«Здароўкі, сталіца Баўгарыі», – прамовіў ён хутка і кінуўся ёй у ногі —разувацца.
Калі яна два гады таму ўпершыню пачула, як завуць мужавага малодшага брата, то ўявіла сабе нешта такое вялікае, няўклюднае, румянае, яшчэ больш сіманенкавае за самога Сіманенку. Высьветлілася, што ўсё ня так, што брат у Сіманенкі хударлявы, маўклівы, з вострым падбародзьдзем і з вачыма такімі сумнымі і цяжкімі, што Сафія пазьбягала ў іх глядзець. Здаецца, ён быў на нешта хворы, на што, яна ўжо забыла, а пытацца ў сьвякрухі не хацелася. Яна, па праўдзе, бачыла яго толькі двойчы – на вясельлі, дзе яны адразу ж адно адному спадабаліся і хадзілі курыць за пункт прыёму шклатары – побач была кавярня, дзе Сіманенка, шчасьліва лыпаючы вачыма, прымаў бясконцыя віншаваньні і інструкцыі па карыстаньні маладой жонкай, і мясцовыя сінюгі займалі адначасова чаргу і ў пункце, і на выхадзе з кавярні, у надзеі, што ім нешта перападзе. Яшчэ быў юбілей сьвёкра, праз пару месяцаў, і Даніла тады таксама прыляцеў, праўда, тады ў іх пагаварыць так і не атрымалася, бо гэтым разам Сіманенка ад яе не адыходзіў, і неяк так усё й прайшло скамечана, як ні пра што, і Сафія бачыла, што Даніла кідае на яе цяжкія, тужлівыя позіркі – а потым яны разьвіталіся каля таксі, і ахмялелы Сіманенка доўга ціскаў брата, так што яна з Данілам і разьвітацца як сьлед не пасьпела. І вось ён стаіць перад ёй, пахнучы ўсялякімі правізорыюмамі: залямі чаканьня, гатэлямі, гостэламі, цягнікамі, таксі, мытнямі, нясьвежай вопраткай, невядома адкуль, невядома чым займаецца, невядома што будзе тут рабіць і невядома як яшчэ да яе паставіцца. Пакуль што па яго твары нічога