Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд Бахарэвiч

Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення - Альгерд Бахарэвiч


Скачать книгу
вялікі, недалёкі і добры».

      «Як харчовы рынак», – засьмяяўся змрочна Даніла.

      «Ведаеш, я думаю, ён кахаў мяне».

      «Не сумняваюся, – сказаў Даніла. Бутэлька перад ім ужо была пустая. – Але што яму было даспадобы? Чым ён цікавіўся? Чым дыхаў?»

      «Пажэрці любіў, – сказала Сафія і ўтульна паставіла ногі на крэсла, утаропілася ў акно, пастукваючы па калене пустым келіхам. – Дыхаў… Чым давалі, тым і дыхаў. Непераборлівы быў, ведаеш. Да пэўнай ступені. Такое адчуваньне, што сам зьдзіўляўся, як гэта ён мае ўсё, што… што мае. Мяне часам зьдзіўляла, што ён… Як гэта сказаць… Ведаеш: кажу, Сіманенка, хадзем у тэатар. О, кажа, хадзем, няма праблем. Пасьля спэктаклю пытаюся: спадабалася? Вельмі, кажа. Можа, кажу, не спадабалася? Не, кажа, файна. Можа, кажу, у кіно. Выдатна, у кіно. Пытаюся: ну як фільм. Файна. А што табе, Сіманенка, больш спадабалася: спэктакль ці фільм? А ён глядзіць на мяне так… Не магу апісаць. Не разумее, што я ад яго хачу. І пры гэтым радасны такі, напраўду. То бок на выставу котак – клясна, на народныя зімбабвійскія танцы – цудоўна, на баі бяз правіл – файна, так бы ён сказаў, я ўпэўненая. І пры гэтым: гатовы спрачацца з-за лухты, з-за мяса, з-за адной літары, з-за таго, на чым ехаць да сьвякрухі – на машыне, на мэтро, на таксі ці на аўтобусе…»

      «Ясна. Ну, гэта нам мала што дае, – сказаў Даніла. – Цяпер мне здаецца, што ён быў такі заўсёды. Заўсёды…»

      «А ты зьмяніўся, Даніла».

      «Я? У які гэта бок? – ён непрыемна засьмяяўся. – Спадзяюся, у лепшы?»

      Зімна было ў кухні, накурана, брудна, смуродна і зімна. Нібыта Сафія з Данілам прабіраліся ўвесь дзень праз завалы, руіны і трупы, бязладна фатаграфуючы канец сьвету, а потым вырашылі пераначаваць у нейкім закінутым доме.

* * *

      Як ні старалася Сафія падняцца раней за Данілу, нічога ў яе ня выйшла. На кухні яе чакаў сьняданак – настолькі ж кранальны, наколькі агідны, Сафія не любіла сьнедаць, зьядала звычайна ёгурт і выпівала кубак кавы, а тут – нейкія астылыя перасмажаныя тосты, тлустая шынка, салодкае масла, вадзяністы джэм, мокры агурок, яйка, шкарлупіньне якога здымалася разам з усім зьмесьцівам, так што ў выніку ў руках заставаліся толькі крышкі зеленаватага бялку. «Я думаў, ты раней прачнешся», – сказаў Даніла, які пахнуў таннай кавай, і вінавата аблізаў ліпкія пальцы.

      «Я з табой растаўсьцею, зьяжджай хутчэй».

      Даніла папярхнуўся. Сафія ўсьміхнулася ўбок, упіхнула ў сябе тост і пайшла ў душ. У ваньне яна адразу заўважыла чорныя, кучаравыя мужчынскія валасы, размашыста прыліплыя да сьценак, нібыта нехта пакінуў на белым аркушы ванны аўтограф. «Госьці ўжо тут, Сіманенка, – прашаптала Сафія, стоячы пад прахалодным душам. – Ты хутка?» У ванным пакоі было так нязвычна душна, нібыта нехта стаяў тут і наўмысна з усяе моцы дыхаў, дыхаў, дыхаў. Пахла мужчынскім дэзадарантам, не Сіманенкавым, такім востра чужым, якім бывае пах з адчыненых дзьвярэй чужой кватэры, міма якіх праходзіш, спускаючыся ў двор. Яна адсунула фіранку. Ванны пакой, які дагэтуль быццам бы ехаў кудысьці, зараз спыніўся.


Скачать книгу