Ноч цмока. Валеры Гапееў
як чырванею, ды злаваў на сябе: ну чаму я маўчу! А яна абаперлася на ўторкнутую ў зямлю рыдлёўку і працягнула:
– То ўжо пацярпіце, мне мала засталося. Бо перадам павярнуцца не магу.
– Чаму? – няўклюдна запытаўся я.
– Ды цыцкі вам на вочы вывальвацца будуць, – засмяялася яна, і толькі цяпер я звярнуў увагу на глыбокі выраз яе майкі і поўныя грудзі, якія без станіка дэманстравалі пухлінкі смочкаў пад тонкай тканінай.
– Дык я ж не аналой у царкве і ўзростам не хлопчык, якога грэх спакушаць, – нарэшце знайшоўся я і тут жа прапанаваў: – Давайце я вас кавай пачастую… за бясплатна атрыманае задавальненне ад сузірання вашых ног.
– Ногі як ногі… – трошкі засаромелася жанчына, мабыць, не чакала ад мяне такога спрыту. – За запрашэнне дзякуй, але іншым разам.
Не ведаю, чым яна прывабіла мяне ў той момант, хутчэй за ўсё ўва мне зайграла мужчынскае самалюбства. Гаспадары перад тым, як здаць мне палову дома і з’ехаць у сталіцу, трохі распавялі пра суседзяў. Я загадзя ведаў, што маю суседку завуць Надзея, яна развядзёнка, але за ёй «дрэннага не заўважалі». І таму адмова ад запрашэння ў той момант была расцэненая мной на ўзроўні падсвядомасці як мой асабісты пройгрыш, як поўная адсутнасць цікавасці з боку жанчыны да мяне, і гэта балюча драпнула маё самалюбства. Таму я мусіў паспрабаваць працягнуць гутарку:
– Надзея, вы ж самі ведаеце – у жыцці часта атрымліваецца так, што іншага разу і не бывае. Чайнік у мяне гарачы, заходзьце, балазе плоту між намі няма…
Жанчына пільна паглядзела на мяне, не паказала і кроплі здзіўлення, што я ведаю яе імя, і ў сваю чаргу прадэманстравала мне сваю дасведчанасць:
– Не, таварыш следчы пракуратуры, не магу, бо трэба дакончыць градку, пасадзіць гарох… потым памыцца і бегчы, бо мяне чакаюць, спазняцца нельга.
– Давайце дапамагу, – вырвалася ў мяне.
– О не, другі раз у дом зайшлі, а ўжо да развядзёнкі пабеглі – пачнуць казаць? Тут жа вачэй і вушэй – у кожнага куста.
– Ну, тады заходзьце самі… заўтра бліжэй да вечара, – не мог супакоіць я сваё мужчынскае эга, якое патрабавала ад мяне дабіцца ад жанчыны хоць нейкай згоды хоць на нешта.
– Добра, зайду, – нечакана проста для мяне згадзілася Надзея.
Чаму мяне так расхвалявала першая кароткая сустрэча, тут загадкі вялікай не было – круглыя клубы, паўнаватыя, крыху шырокія сцёгны, затое вельмі акуратныя (вось толькі цяпер успомніў!) «бутэлечныя» лыткі Надзеі ўспыхнулі перад вачыма, калі клаўся спаць. Што ні кажы, а мая ранейшая сяброўка прывучыла мяне да рытмічнага сэксуальнага жыцця, а цяпер ужо амаль год, як я без жанчыны. І жаданне, якое ўспыхнула ўва мне, было нежартоўным. Далібог, калі б яна не пайшла некуды (я пабачыў праз акно), то знайшоў бы спосаб яшчэ раз загаварыць з ёй.
Праўда, раніцай учарашняя карцінка не выглядала такой спакушальна-салодкай. Я пастараўся прыпомніць твар Надзеі: амаль круглай формы, невялікі падбародак, характэрны нос – востры, тонкі, з шырокімі