Ноч цмока. Валеры Гапееў

Ноч цмока - Валеры Гапееў


Скачать книгу
Тамара мела рацыю, больш за тое, яна кранула самае балючае, тое, пра што я стараўся не думаць. Справа ў тым, што нашыя адносіны з Надзеяй зайшлі ў тупік. З аднаго боку, усё было добра: мы бачыліся практычна кожны вечар, ужо двойчы бавілі разам выходныя. Ездзілі разам на рынак у суседні райцэнтр – Надзея была заявіла, што я зусім абнасіўся, трэба займець мне колькі сарочак на лета, джынсы і касцюм. Сабе набірала рознай драбязы. Гатавала есці – і на мяне амаль штодня. Сэкс у нас хоць і стаўся бадай рэгулярным заняткам, але не страціў той самай першай радасці валодання жаданым целам. І я з асаблівай уцехай адзначаў: Надзея радуецца мне ў ложку, ёй прыемна не столькі атрымліваць, колькі аддаваць мне – ласку, пяшчоту. Зрэшты, для мяне і самога незаўважна стала галоўным даць як мага больш Надзеі. І тут не мужчынская гордасць самім сабой, не задавальненне ад выніку былі галоўным: вось, маўляў, які я спраўны і ўмелы мужчына – жанчына са мной у ложку штораз узнімаецца на пік асалоды кахання. Не, мяне апаноўвала невытлумачальнае шчасце сузіраць яе крышку ашалелай ад пачуцця ў такія імгненні, хацелася доўжыць такія хвіліны. Невыказна цёпла было сустрэць яе глыбока пяшчотны позірк, калі пасля мы ляжалі сцішаныя побач і ўглядваліся адно ў аднаго, быццам бачыліся першы раз, і старанна вывучалі кожную рысачку на тварах. Мне не хацелася думаць нейкімі высокімі катэгорыямі, але я ўпершыню ў жыцці сапраўды адчуваў шчасце ад таго, што я – даю і атрымліваю ўзамен такое ж: мне аддаюць, і жанчына шчаслівая, што аддае…

      Я не думаў пра тое, як называць цяпер нашыя адносіны, не казаў і не думаў казаць Надзеі пра каханне. Неяк занадта будзённа ў нас усё пачалося і развівалася, дасягнула вяршыні… Дакладней – тупіка. Я адчуваў – тупіка. Бо вось жа пачыналася, быў нейкі рух, была мэта, было куды і да чаго рухацца, а цяпер мы дайшлі да таго пункта ў адносінах, за якім павінна пачацца нешта якасна новае…

      Карацей, альбо жыць далей ужо як муж і жонка, альбо… разбягацца.

      Надзея ніводным словам не намякнула на тое, што ў нашых адносінах павінна з’явіцца нейкая яснасць, яны павінны перайсці ў новую фазу. Але Тамара мела рацыю, ды і я сам не мог не разумець: Надзея чакае, верыць у працяг. Было ясна, што яшчэ месяц-два – і Надзея стоміцца быць адданай каханкай, і блізкасць урэшце страціць галоўнае – пачуццё самаахвярнасці, стане проста актам задавальнення патрэбы. Гэта звычайная дыялектыка: колькасць павінна пераходзіць у якасць, усё мусіць развівацца, а застыласць – для мёртвага…

      А з другога боку, адкуль мне ведаць? Я ўмею чытаць думкі Надзеі? Фізічна здаровая жанчына, са мной у ложку яна навучылася поўнай бессаромнасці (дарэчы, і я таму навучыўся), атрымлівае ад нашых з ёй хвілін усё, што можа атрымаць. Усклала на сябе невялікі абавязак іншы раз гатаваць для мяне нешта са страў, дазволіла карыстацца сваёй пральнай машынай-аўтаматам (праўда, пад яе кіраўніцтвам… ды па шчырасці, я больш стаю збоку). Але ж і я нечым дапамагаю ў яе гаспадарчых справах: ужо корпаўся на агародзе, рамантаваў водаправод, памяняў выключальнік… Карацей, пакуль у нас атрымліваецца гэткае бяскрыўднае суіснаванне,


Скачать книгу