Радзіва «Прудок». Андрусь Горват
ехаў на лісапедзе, пабачыў пяткі дзеда Ганушы. Ён бегае ад мяне, бо месяц таму пазычыў «да вечара» трыццаць тысяч, каб апахмяліцца пасля Тройцы.
Радзіва «Прудок». Вячэрні выпуск навінаў.
Па небе перадаюць зоркі. Быццам не ў двары спіш, а ў космасе. Я Маленькі Прынц з Ромам замест ружы. Касмічны сабака брэша. Касмічная карова варушыцца. Як учора і як мільён гадоў таму. Як тут і як усюды.
А я ўжо не стану касманаўтам.
Цётка Дуня любіць чытаць мае тэксты. То бок дачка паказала ёй некалькі ў інтэрнеце. Цяпер яна прыходзіць да мяне і кажа:
– Напісаў штоліся?
– Напісаў.
– Пра што?
– Пра Колю.
– Гэта той – Валодзін?
– Ну.
– А што пра яго можна пісаць? Ён жа п’яніца. Напішы пра Марусю Зайчыкаву – як яна трыццаць гадоў даяркай адпрацавала, як ёй грамату далі.
– Я ўжо напісаў пра Колю.
– Ну, пачытай.
Я ўключаю ноўтбук і пачынаю чытаць:
– Коля хацеў выпіць.
– Абы-што! І куды ты гэта пішаш – мо ў раённую газету?
– Паслухайце далей.
– Давай, чытай.
– Коля хацеў выпіць. Ён абмацаў кішэні, хоць і так ведаў, што ў адной ляжаў вялікі цвік, а ў другой – цыгарэты з запалкамі. Прадаўчыха каму давала ў крэдыт, а яму – ніколі.
– Яна і не дасць! Было б каму. От раскажа Галі – тая яму дасць дык дасць.
– Я чытаю далей?
– Давай.
– Коля плёўся ўздоўж агародаў, пануры і задуменны. Падумаў, што свет да яго несправядлівы. Мужык ён харошы. Гаруе-гаруе ў тым калхозе, а выпіць няма як.
– Ажнедзе гаруе! От Галя – тая гаруе. На той Галі, беднай, жывога месца няма. Давай далей, ну.
– Ля Еўчынага плота Коля спыніўся. Зімой Ева пахавала свайго чалавека. Коля на памінкі не патрапіў, прыйшоў апасля, яна яму не наліла.
– Правільна зрабіла, што не наліла. Ну, што далей?
– …Прыйшоў апасля, яна яму не наліла. «А я табе налью. Мне для цябе, Еванька, не шкада. От на табе, пі, Еванька, пі», – сказаў Коля ўголас і шчодра паліў Еўчын куст парэчак мачою.
– Абы-што! Той алкаш нашкодзіў маладзіцы пад куст, а ты ўжо і рады старацца! От нашто ты пішаш такое?
– …І шчодра паліў Еўчын куст парэчак мачою. Адчуў палёгку. Далей ісці было весялей. Але выпіць усё адно хацелася.
– І гэта так пішуць у Мінску? Як п’яніца маладзіцы пад куст пасцаў – такое сягоння пішуць?
– Пішуць, цётка, пішуць.
– Абы-што.
– Увечары Коля вяртаўся дадому тымі ж агародамі. Адзін раз ён няўдала абапёрся аб Еўчын плот і перамог яго – плот упаў на парэчкі, а Коля – на плот. Прабрала на смех, які вырываўся з рота разам са слінай.
– Нашто ты пішаш пра тое, мой ты галубок? Марусі Зайчыкавай грамату далі – пра яе напішы. Яна ж без мужа век пражыла. Хатка ў яе бы лялька. Акуратненька, чысценька, есці наварана. І сама яна – лялька. А ты пішаш пра алкаша. Хіба пра такое можна пісаць, мой ты харошы?
– Пачакайце, цётка, я не скончыў.
– Не трэба мне, не чытай. Я, баба дурная, сяджу і вушы развесіла. Ідзі свайму Колю чытай. От яму ідзі і чытай, а мне такое не чытай.
– Далей