Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя. Зміцер Дзядзенка

Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя - Зміцер Дзядзенка


Скачать книгу
ён пабачыў нежывое жаночае цела, якое ляжала, нязручна падкурчыўшы ногі і ўзняўшы правую руку ў апошнім руху. Галава з чорнымі кудзеркамі валасоў бездапаможна адкінулася, горла жанчыны было распаласаванае ледзь не ад вуха да вуха. Густая кроў, якая вылілася з раны, пацямнела і змяшалася з дарожным пылам, утварыўшы брудную лужу. На гіпсава-белым твары ненатуральна чырванелі кармінавыя вусны: смерць не змагла сцерці яркую памаду. Ногі заблыталіся ў зялёнай спадніцы – відавочна, вынік агоніі. Прыгожыя ногі, адзначыў міжволі Хлюдзінскі, пабачыўшы, што адна з іх адкрылася да калена. Было ў гэтай пасмяротнай адкрытасці штосьці спакушальнае і ўвадначас страшнае.

      – У міліцыю паслалі? – прагучаў за спінай Антона чыйсьці сіплаваты голас.

      – Ага ж, – адказаў немалады сівы мужчына ў кепцы, у якім беспамылкова ўгадваўся рабочы, што вяртаўся з працоўнай змены дадому. Яго жылістыя рукі з чорнай аблямоўкай на пазногцях нервова сціскаліся ў кулакі, потым расціскаліся, каб праз якое імгненне зноў сашчапіцца на чымсьці нябачным.

      Неўзабаве прыбылі міліцыянты, расштурхалі натоўп і прапанавалі грамадзянам разысціся і не перашкаджаць працы праваахоўных органаў. Гараджане разышліся, але недалёка – падаткнулі сабой навакольныя платы і дрэвы. Адмаўляцца па сваёй ахвоце ад такога відовішча ніхто не пагаджаўся.

      Міліцыянт, які быў у гэтай групе відавочна самы галоўны, звярнуўся да людзей:

      – Грамадзяне і грамадзянкі, хто-небудзь ведае забітую?

      – Дык Рыўка гэта, Рыўка Гольдберг, – адразу ж адгукнуўся жаночы голас, у якім не было чуваць літасці да забітай. – Як яе не ведаць… Тут яе ўсе ведаюць, патаскушку гэтую.

      Міліцыянт старанна запісаў сабе штосьці ў нататнік, які трымаў у руках.

      – А жыла яна далёка? – зноў запытаўся ён ва ўсіх адразу.

      – Дык праз дом адсюль і жыла, вунь там, – ахвоча падказаў ужо мужчынскі голас.

      – А хто бачыў, як адбылося гэтае здарэнне? – працягваў міліцыянт, зноў жа не звяртаючыся ні да каго канкрэтнага. Аднак гэтым разам удача ад яго адвярнулася: ніхто не адгукнуўся. Людзі азіраліся навокал, першымі спрабуючы ўгледзець таго шчасліўчыка, які стаў сведкам такой незвычайнай падзеі. Шчасліўчыка не знаходзілася…

      Зразумеўшы, што шанцаванне скончылася і далей пойдзе звычайная чарнавая праца, міліцыянт даў знак падначаленым забіраць цела і накіраваўся ў паказаны яму дом, дзе жыла забітая Рыўка Гольдберг.

      Хлюдзінскі павярнуўся сыходзіць і незнарок зачапіў плячом суседа. Той незадаволена прашыпеў, Антон павярнуўся са словам «Прабач…» і не дагаварыў – на яго з халодным агнём варожасці глядзелі выцвілыя вочы Канстанціна Мачугі.

      1914—1926

      Канстанцін Мачуга ажаніўся незадоўга перад вайной. Сам ён прыгажуном не быў: каржакаваты, быццам складзены з падагнаных адзін да аднаго цурбачкоў, з прасцяцкім наіўным тварам і бляклымі вачыма, за якімі немагчыма было ўгадаць думак. А вось жонку сабе ўзяў ладную, гожую: на Валянціну заглядаўся шмат


Скачать книгу