Пярэваратні ў пагонах і без. Сяргей Пляскач
п’янага ачмурэння ў голасе раптам капрызна прамовіла з долу старшакурсніца.
– Кацюха, ты як?! – кінулася да сяброўкі ад дзвярэй другая страшная.
Як толькі Кацюха з дапамогаю сяброўкі ўскараскалася на крэсла, зноў расчыніліся дзверы, і ў пакой ускочыла выхавальніца.
– А вы што тут робіце?! – не хаваючы раздражнення, звярнулася яна да старэйшых. – Я вам што казала? Да першакурсніц – ні нагой!
– Ды мы проста пазнаёміцца зайшлі, – адказала тая, што ўзнялася з падлогі. – Праўда? – зірнула яна на Рудую.
– Праўда, Кацюха! – бадзёра адказала Хрысціна і па-хлапечы пляснула Кацюху далонню па плячы.
– Усё адно, на выхад! – са злосцю ўскрыкнула наглядчыца.
З дэманстратыўнай неахвотаю старшакурсніцы выйшлі з пакоя.
– Што ім ад вас трэба было? – запыталася цётка ў першакурсніц.
– Нічога, – спакойна адказала Рудая. – Яны ж сказалі, пазнаёміцца прыйшлі…
– Ведаю я гэтае іхняе «пазнаёміцца»… Вы, калі будуць старэйшыя чапляцца, адразу мне кажыце, не маўчыце! На раз з ліцэя вылецяць!..
– Ой! Што цяпер будзе? – спалохана выгукнула Моніка, як толькі зачыніліся дзверы за выхавальніцай. – Што ты нарабіла?! – звярнулася яна да Хрысціны.
– Прабач, не ведала, што ты хацела гэтым танным шлюндрам свае грошы аддаць. Яшчэ не позна, дагані і аддай! А заадно спытай, можа, ім яшчэ нешта трэба…
– Яны ж цяпер нас пазабіваюць!
– Гэтыя?! Не смяшы мае падковы! У скрайнім выпадку давядзецца яшчэ разок выпацкаць рукі аб іх румяны… Яны ж пантуюцца, вылузваюцца толькі, быццам яны нейкія крутыя!.. На самай справе яны такія ж звычайныя дзеўкі, як і мы, толькі мо на які год старэйшыя… Лепшы спосаб абароны – нападзенне! Мяне хлопцы даўно навучылі, што калі трапляеш у новы калектыў, то трэба адразу вылічыць у ім самага крутога, падысці і даць як наймацней па мордзе. Калі на нагах не ўстоіць, дык і зусім ідэальна! І ўсё! Ад гэтага моманту цябе ўсе будуць баяцца!..
«Вось хто мне дапаможа! – адразу ж вырашыла Ірка. – З такой сяброўкай не прападзеш!»
Пра запрашэнне хлопцаў неяк забыліся. Увесь вечар і палову ночы Рудая распавядала суседкам пра свае прыгоды.
Яна аўтаспынам некалькі разоў дабіралася да Масквы і вярталася назад. Але аднойчы яе ледзь не згвалціў нейкі п’яны дальнабойнік, пасля чаго яна перастала падарожнічаць на машынах.
– На электрычках бяспечней, толькі кантралёраў трэба пільнавацца…
Шмат разоў бывала Хрысціна ў Віцебску, Магілёве і Мінску.
– Мінск, вядома ж, самы прыгожы і чысты, толькі там мянтоў аж занадта! І ўсе чапляюцца, распытваюць – не прайсці, не праехаць… Мне найбольш Магілёў падабаецца: дабірацца лёгка, і нікому там да цябе няма справы!.. Як ёсць грошы, дык там столькі кавярняў, начных клубаў… Праўда, у клубы не заўсёды атрымоўвалася трапіць. Там фэйскантроль: дрэнна апранутых ды малалетак не прапускаюць… Але я некалькі разоў праходзіла! Там файна! Музыка, лямпачкі каляровыя, нават часам зоркі выступаюць!