Адваротны бок люстра. Ксенія Шталенкова
лбом аб шкло. Паціраючы выцятае месца, дзяўчынка засмучана паглядзела на Міхала.
– Добра яшчэ, што не разбіла, – сказаў ён.
Бася некалькі разоў усхліпнула і, уткнуўшы твар у далоні, гаротна заплакала. Міхал з жалем паглядзеў на яе.
– Ну, не трэба плакаць! – паспрабаваў ён супакоіць яе. – Зараз штосьці прыдумаем.
– Я дадому хачу! – душылася слязьмі Бася. – Чаму яно зачынілася?
– Я не ведаю, – адказаў юнак. – А ў цябе яно было адчынена ўвесь дзень?
– Не, толькі вечарам.
– Можа, сёння яно таксама вечарам адчыніцца? Яна паціснула плячыма.
– Пане Міхалу, – пагрукалі ў пакой.
– Хавайся, – прашаптаў юнак.
Дзяўчынка паслухалася. Міхал адчыніў дзверы.
– Пане, да вас чалавек прыехаў ад пані княгіні Альжбэты, – паведаміў слуга.
– Скажы, што я зараз прыйду, – загадаў Міхал і зачыніў дзверы.
– А хто такая княгіня Альжбэта? – шэптам спытала Бася.
– Жонка пана князя Мікалая. Цікава, што яна хоча? Мабыць, пан князь прыслаў нейкія паперы? – прамармытаў юнак сабе пад нос, а потым дадаў: – Бася, пасядзі пакуль што тут, а я пайду даведаюся, у чым справа, добра?
– Добра, – кіўнула дзяўчынка.
Міхал пайшоў. Праз некалькі хвілін ён вярнуўся з вялікім падносам, на якім былі хлеб, хатні сыр, некалькі шматоў кумпяка, свежыя агуркі, зялёны лук і збан квасу. Юнак паставіў паднос на стол.
– Мне зараз трэба ісці на службу: княгіня збіраецца кудысьці паехаць і жадае, каб я яе суправаджаў. А ты пачакаеш, пакуль я не вярнуся. Я замкну пакой на ключ, каб ніхто не мог сюды прыйсці. Частуйся, калі ласка! – Міхал гасцінна пасунуў паднос бліжэй да Басі.
– А ты?
– Ды я так, абыдуся.
– Як гэта? – абурылася Бася. – Ты што, галодным збіраешся на службу ісці?
– Лухта! – адмахнуўся юнак.
– Ну, мне ж адной будзе шмат, я ўсё не з’ем.
– Нічога, потым даясі. А я магу і не снедаць.
– Тады і я не буду, – дзяўчынка адсунула ад сябе паднос.
– Ну, ты ж госця! Ясі, калі ласка, і не звяртай на мяне ніякай увагі.
– Не, без цябе я снедаць не буду! – Бася ўпарта склала рукі на грудзях.
– Добра, – скарыўся Міхал, вырашыўшы, што спрачацца будзе даўжэй і ён спазніцца на службу. – Падзелім па-братэрску.
Ён узяў лусту хлеба са шматом кумпяка і, спехам праглынуўшы ежу, зрабіў некалькі глыткоў квасу.
– І гэта ўсё? – здзівілася Бася, якая толькі пачала акуратна рабіць сабе шматпавярховы бутэрброд.
– Інакш я спазнюся на службу! – сказаў юнак.
– А калі ты вернешся?
– Напэўна, вечарам.
– Так доўга? – усклікнула дзяўчынка. – А ты маеш якія-небудзь кнігі? Бо мне нудна будзе столькі сядзець адной.
– Ну вядома. – Міхал адчыніў адзін з куфраў. – Ты можаш узяць штосьці адсюль.
– Ага.
– А, вось яшчэ, – успомніў ён, выцягнуўшы з-пад ложка начную вазу. – Мала ці што, мо спатрэбіцца.
Бася пачырванела і, кінуўшы