Шоўк (зборнік). Мікола Адам
я такога смешнага сказаў? – незалюбіў я.
– Здагадайся сам, – смяяўся Андрэй. – За апошнія два месяцы ты мне казаў аб гэтым разоў дзевяць, гэта як мінімум, Казанова хрэнаў!
– Цяпер зусім іншае…
– Так-так-так-так, ты мне гэта будзеш казаць, сур’ёзны мужчына, разумееш…
– Я як ніколі сур’ёзны.
– Давай і вып’ем за гэта. Выпілі.
Ды я не мог расказаць яму пра Насцю. Раней расказваў усё. Мы разам смяяліся з маіх аповедаў, як з анекдотаў, але не ў гэты раз. І, хоць мы сябравалі з Андрэем даўно, лічы, з першага курса філфака, які я кінуў на трэцім, каб добраахвотна пайсці ў войска, а Андрэй паступіў у магістратуру, нават яму, па крайняй меры зараз, я не мог нічога расказаць пра Насцю. Не той выпадак. Ды ці й, папраўдзе, кахаў я яе? Я не ведаў. Толькі мне было непрыемна бачыць яе поруч з Мінічам. Між намі прабегла чорная кошка на глебе густаў і літаратуры. А раней кляліся ў вечнай дружбе. З жудасцю я зразумеў, што ў мяне няма таго адзінага сябра, якому льга было б у нечым самым патаемным і глыбока асабістым прызнацца, даверыцца і быць упэўненым, што гэта не разляціцца па бяздротавым тэлефоне па ўсіх знаёмых… Андрэй? Ён лічыць мяне адным з лепшых сяброў, не аднойчы казаў пра гэта, прызнаючы ў дадатак мой талент і шкадуючы, што ў нашай краіне няма магчымасці на сваім таленце зарабляць. Але я не мог разбіць нябачны паміж намі турнікет некаторага непаразумення. Андрэй вельмі лёгка адносіўся да маіх заляцанняў і чарговых раманаў. Ён не верыў, што ў мяне магчыма калі-небудзь нешта сур’ёзнае. Не той я чалавек, па яго меркаванні.
– За сяброў!
Мы зноў выпілі. Дарэшты. Андрэю здалося, што мала. Мне таксама, але працягваць п’янку ў гэтым душным бары мне не хацелася, хоць ён быў даволі ўтульным. Мне не падабалася ў ім. Па-першае, я хацеў курыць, а гэта забаранялася, па-другое, закусь – занадта кусачая. Куды лепш было б узяць пляшку і накіравацца да закусачнай, яна ж пад бокам, насупраць ГУМа, варта толькі дарогу перайсці. Да таго ж, там танныя чабурэкі і салата, а яшчэ мая добрая знаёмая Галіна Аляксандраўна – загадчыца закусачнай. Яна яшчэ была не старой кабетай з прыемнымі рысамі твару, трошкі таўставатая, але толькі трошкі. Я з ёю пазнаёміўся, калі мы неяк пілі там. Я сказаў, што крыху пішу і падпісаў нумар часопіса, у якім была толькі што надрукавана мая паэма. З таго часу ўвесь персанал вітаўся са мной, як з жаданым госцем. На самай справе, чаму б нам не перабазіравацца да Галіны Аляксандраўны? Танней абыдзецца. Чым пераплачваць за гарэлку, беручы яе на разліў, лепш не выпендрывацца, а ўзяць пляшку і, як сур’ёзным мужчынам, распіць. Андрэю не падабалася толькі тое, што ў закусачнай не было як сесці і сталы драўляныя хісталіся, як караблі на моры. Аднак жа і мы ўжо не роўна хадзілі. То аднаго зачэпіш, пакуль выйдзеш з ГУМа, то другога, то трэцяга… У рэшце рэшт, Андрэй згадзіўся на маю прапанову і на першым паверсе ўзяў бутэльку «Настойкі партызанскай», іншага нічога не было, але і настойка – рэч добрая. Пакурыўшы ў пераходзе пад музыку валацужных музыкаў, у якіх адсутнічаў не толькі голас, але і слых, мы падаліся да закусачнай. Як я і казаў Андрэю, нам былі рады і пагрэлі самыя тоўстыя і вялікія чабурэкі.
Заняўшы