Шоўк (зборнік). Мікола Адам
Але не па маёй віне. Міма прайшлі дзве дзяўчыны, яны і выклікалі на маім твары такі манеўр. Я паспрабаваў было прычапіцца да іх, але куды там… Пакуль я рабіў адзін крок, яны паспявалі прайсці дзесяць. Увогуле, мае ногі былі нібы драўляныя, да таго ж ішоў я не ў той бок. Мабыць, ногі гэта адчувалі, таму і ўпарціліся. Я павярнуўся на 180 градусаў. Гэта мне каштавала хвіліны жыцця. Вецер так закруціў, што я адчуў сябе юлой, а калі ён суняўся, пада мной усё калывалася, нібыта я плыў на плыце. Я баяўся і адзін крок зрабіць, бо хто ведае, што мяне чакае па-за плытом, а раптам там твань якая-небудзь… Лепш я пачакаю, пакуль плыт сам мяне даставіць, галоўнае, правільна кіраваць.
На гарызонце паказаўся слуп. Ён усё набліжаўся і набліжаўся, маючы нейкую дзіўную афарбоўку: увесь у шэра-сініх плямах ды яшчэ з рупарам, а мо ліхтаром? Толькі пасля я дапёр, што слуп на самай справе не быў ніякім слупом, а мянтом, які схапіў мяне за рукаў і хацеў завесці ў апорку. Яна знаходзілася непадалёк, насупраць сквера Грыцаўца. Аднак я заўпарціўся.
– Я – беларускі пісьменнік! – выгукнуў.
– Ды хоць рускі, – адказаў мент.
– Я – беларускі, – працягваў я, – у тым-та ўся і справа…
– Геній недарэзаны… – вылаяўся мент, але мяне адпусціў. Відаць, паважаў беларускіх пісьменнікаў. А мне трэба было трапіць на Свярдлова, гэта побач з вакзалам, каб сесці на пяты тралейбус ці на дваццаты, без розніцы. Дарогу да вакзала я памятаў, пагэтаму пайшоў прама, нікуды не збочваючы. У тралейбусе я, праўда, спатыкнуўся, калі ўздымаўся па прыступках. Слізкія, халера! Нават сеў, што дзіўна, побач з прыгожай дзяўчынай, падобнай на Жану д’Арк у выкананні Чурыкавай. Чамусьці мяне адразу кінула ў сон, а галава беспамылкова схілілася на плячо дзяўчыны. Яна дрыганула ім так, што ў мяне ледзь зубы не павыляталі. Я няўцямна пазіраў на яе, а яна прамовіла, што я п’яны і каб паводзіў сябе прыстойна. Я згодна хітнуў галавой, якая зноў, нібы магнэзам яе цягнула, шмякнулася на плячо дзяўчыны.
– Мужчына, вы – п’яны! – закрычала яна.
Нейкая істэрычка. Не расплавіцца ж тваё плячо ад пяці хвілінаў не такога ўжо і цяжару, да таго ж мая галава – не серная кіслата і не шчолач.
– Мужчына, вы – п’яны! – трэці раз выгукнула дзяўчына, крыху не аглушыўшы мяне, ажно спаць расхацелася, ды й мой прыпынак набліжаўся.
Я падняўся з сядзення, учапіўся за поручань.
– Зараз я выходжу, – прамовіў, – я тут жыву. – Вырашыў удакладніць – А ў цябе ногі крывыя, Зоя Касмадзям’янская…
– Што?
Цяпер яна лыпала і без таго лупатымі вачыма, а я спакойна выйшаў з тралейбуса і забыўся на яе.
– Пара-пара-парадаваемся на сваім вяку… – зароў я на ўвесь голас. Мне хацелася спяваць і граць на гармоніку, ды вось гармоніка не было і граць я на ім не ўмеў.
– Чаго крычыш, морда п’яная!? – З нейкага акна на першым паверсе пяціпавярховіка вызірнула раззлаваная мадонна. – Дзяцей мне пабудзіш, сволач!
Во народ, і песні праспяваць не дадуць. Эх, душа баліць, а сэрца плача. Я не стаў перабрэхвацца з мадоннай, няхай