Шоўк (зборнік). Мікола Адам
Насця не магла быць Анжалікай Варум. Яна магла быць толькі Насцяй!
Я сеў за стол, на якім стаяў камп’ютар і попельніца, закурыў.
Да драбніц мог успомніць, што было, як і колькі… Ды што толку? Хіба ўспамінамі дапаможаш? Так, я гэта памятаю, але, калі звярнуся з аповедам пра Насцю да каго-небудзь, ён палічыць мяне за вар’ята і пастараецца як хутчэй запраторыць у псіхушку. Але ж я цалкам нармальны! Хіба мая віна ў тым, што Насця прапала з банка дадзеных жыцця, як памяць камп’ютара, з’едзеная вірусам? Вядома, я вінаваты, але не ў тым, што яна знікла… хаця, калі падумаць, ва ўсім вінаваты толькі я. Не зрабі я гэтага глупства, не пайшла б ад мяне Насця, і не казалі б мне розныя па тэлефоне, што такая ніколі не пражывала па гэтым адрасе.
Дзіўна, але, усвядоміўшы сваю віну, я супакоіўся. Зноў мог лагічна думаць і разважаць, нават чытаць, чым не мог пахваліцца на працягу тыдня. Я адкрыў для сябе Аркадзя Чарнышэвіча, прачытаўшы спачатку яго раманы «Світанне» і «Засценак Малінаўка», а пасля апавяданні, больш за ўсё мне спадабалася апавяданне «Музыка». Я быў здзіўлены талентам чалавека, мовай. Яго ж амаль ніхто не ведае з сённяшніх літаратараў, якія чытаюць баевікі ды фантастыку. Уласная беларуская літаратура іх не цікавіць, бо яны лічаць, што напісанае да іх – туфта і прасавецкая агітацыя. Адны яны – геніі! Што пра іх казаць, калі яны нават на імя Айтматава ніяк не прарэагавалі, калі ўрывачак з «Белага парахода» прачытала маладая паэтка Ксюша Брэчка, якая вырашыла правесці эксперымент. Урывачак крыху нагадваў раздзел з нейкай ненапісанай Ксюшынай паэмы, прынамсі, так здавалася, стылі былі падобны, ці што, – і ёй сказалі, што Ксюша вельмі добра напісала, хай і яшчэ піша. Калі Ксюша паведаміла, што прачытаная рэч не належыць ёй, гэта нікога не закранула, нібы так і трэба. Магчыма, яны падумалі, што Айтматаў – чарговы «геній», якіх Ксюша прыводзіць на літаб’яднанне ледзь не кожны панядзелак (менавіта па панядзелках адбываецца чарговае пасяджэнне), а месцаў для геніяў не хапае, таму і рэакцыя такая, відаць. Якая поскудзь, увогуле, робіцца ў сучаснай літаратуры! Лепш пра яе забыць, хаця б на сёння, ды твары маладых ды ранніх, з вялікімі амбіцыямі, мільгаюць перад вачыма, як ліхтарыкі на навагодняй ёлцы. Самі па сабе яны нічога не вартыя і наўрад ці створаць што-небудзь якаснае, бо, каб самому пісаць добра, трэба шмат чытаць, але не абы-што.
З партрэта на мяне глядзеў, можна сказаць, непрыгожы чалавек, з залысінамі, з доўгім вострым носам, крыху скрыўленым з-за пагардлівай усмешкі. Так здавалася на першы погляд. Нават на фотаздымку пісьменніка, які даўно памёр, адчувалася яго душэўная прыгажосць, чысціня, вера ў будучае.
Вядома, раманы яго, што адлюстроўвалі падзеі пачатку дваццатага стагоддзя, былі крыху наіўнымі і смешнымі толькі таму, што маё пакаленне вырасла ў той час, калі СССР разваліўся, а камунізм і бальшавікі ганіліся не горш за фашызм. Аднак напісаны творы Чарнышэвіча ў той час, калі так людзі і жылі, як напісана, бо я лічу, што аўтар не маніў пра савецкую ўладу, хоць