Шоўк (зборнік). Мікола Адам
і ўяўляў сабой для яе толькі бясформенны цень. На яе ж падала святло з усіх бакоў. Падалося, што яна наўмысна абрала гэтае месца, і я не мог памыліцца… На мяне глядзела Насця, толькі нейкая не такая, нібы зомбі. Яе вочы былі мёртвыя. Толькі мёртвасць ейных вачэй утрымала мяне ад бязглуздага кроку. Дзяўчына нервавалася, нават пачала паціху касіць вокам, але зусім непрыкметна. Яна некага чакала, безумоўна, і я мог сапсаваць ёй сустрэчу. Чакала? А каго? Няўжо Мініча? Сёння ён ад мяне не ўцячэ, калі Насця чакае яго; ніякія сілы пекла не супыняць мяне. Я зраблю з Мініча біфштэкс з крывёй…
Да яе падышлі двое. У карычневых скуранках. Селі па баках. Я не чуў, пра што яны размаўлялі, бо размову заглушала ідыёцкая музыка з фільма пра Джэкі Чана. Я нічога не мог зрабіць, і мяне калаціла. Двое падняліся. Паднялася і Насця. Якой яна была бледнай!.. Як крэйда!.. Толькі вусны чарнелі, як кроў на снезе. Але спакойна. Яна павесіла сумачку на плячо і накіравалася да выхаду. Двое моўчкі рушылі следам.
Я рынуўся за імі з усіх ног, на хаду кусаючы бутэрброд і запіваючы гарэлкай. Ля самых дзвярэй паслізнуўся, бо падлога была мокрай, відаць, яе толькі што памылі, і расцягнуўся, зачапіўшыся нагамі за крэсла, што стаяла побач з накрытым сталом. Дзякуй богу, што я перакуліў усяго адно крэсла і пусты фужэр на стале. Я хутка падняўся, абтросся, папрасіў прабачэння і папяціўся да дзвярэй, тлумачачы тым, што я вельмі спяшаюся і пазнаёмлюся як-небудзь іншым разам з кампаніяй, з такой прыемнай кампаніяй…
На вуліцы я ледзь не зваліўся з лесвічных прыступак. Мая Насця сядала ў чорную «Волгу», за ёю не адставалі тыя двое. Зараз яна паедзе, і я ніколі больш яе не ўбачу. Я хачу гэтага? Вядома, не. Мне патрэбна Насця, як паветра, як цыгарэта, як вада, як віно, як пельмені, адным словам, патрэбна, і ўсё… Яна ж мая жанчына ў рэшце рэшт і маці маіх будучых дзяцей! Дык чаго я стаю? І на самай справе, чаго? Бегчы за «Волгай»? Наўрад ці даганю. Але ж яна ўжо кранаецца!..
– Гэ-э-э-э-эй! – закрычаў я, несучыся напярэймы машыне, але яна звярнула не там, дзе я думаў яе пераняць.
– Каналья! – вылаяўся я, як д’Артаньян. Нікім іншым я сябе не ўяўляў. Але пешшу даганяць машыну?.. Я паймаў вяртлявага «жыгулёнка» і загадаў трымацца чорнай «Волгі». Вадзіцель, даволі малады, хацеў даведацца ад мяне, што здарылася, з якой нагоды, так мовіць, праследаванне? Але я маўчаў, кінуўшы толькі адну фразу, каб ён сачыў за дарогай. Як не дзіўна, мы набліжаліся да дома, дзе Насця жыла і дзе мы так цудоўна правялі ноч, адкуль пасля мяне запэўнілі, што Насця ніколі не жыла па тым адрасе.
Я не памыліўся, мы якраз пад’язджалі да таго дома.
Першай спынілася «Волга». З яе выйшлі спачатку двое ў карычневых скуранках, потым Насця, затым яшчэ двое ў карычневых скуранках. Усе яны ланцужком схаваліся ў пад’ездзе.
– Усё, – сказаў я вадзіцелю, – прыехалі, – і разлічыўся.
– А што адбываецца? – усё дапытваўся ён.
– Кіно здымаем, – вырашыў пажартаваць я, абы назола-вадзіцель адчапіўся, тузаючы