Чужая бацькаўшчына. Вячаслаў Адамчык

Чужая бацькаўшчына - Вячаслаў Адамчык


Скачать книгу
i ў яе на твары, на грудзях, на голых да локцяў i пруткiх руках трапяталася чырвань ад агню. Гэта была тая самая прысадзiстая дзеўка, што некаторага дня прыбягала да Алесi пазычыць газы. Прыходзiлася яна Алесi i Мiцю стрыечнаю сястрою, i звалi яе Хрысця. Узялася яна тут у Верасаве яшчэ з жнiва: падмеўся яе гадаваць цi то ўзяў за наймiчку стары Улас Корсак: у яго сястры, што была замужам за дваццаць вёрст адсюль, памёр мужык, а ў хаце тры дачкi, адна пад адну, – сястра i аддала меншую з iх, Хрысцю. Корсак дакляраваў, што адпiша гектар.

      Аўдавеў Улас Корсак даўно, але браць у хату новую гаспадыню не хацеў: ужо дзеўкаю была Алеся – яна абмывала i абшывала мужчын. I ўсё было добра, покуль дома сядзела Алеся, а выйшла замуж – адразу перавярнулася гаспадарка – нiдзе парадку няма: нi ў полi, нi ў хаце. I Корсак узяў гадаванку.

      А Хрысця спрытная кругом была – i да гуляў, i да работы, i хараством удалася: валасы густыя, рудаватыя, твар чысты, белы, нос дробны i рот свежы, як у дзiцяцi. Iншаму маладому мужчыну быў iнтарэс як бы няўзнак паглядзець ды пагаварыць з маладою дзеўкаю. I ён сядзеў да тае пары, покуль не прыбягала жонка i, стукнуўшы ў акно, крычала глуха з надворка:

      – Снедаць iдзi, каб ты карчом сеў!

      Селявiк нехаця, упiраючыся рукамi ў каленi, уставаў з парога, гаварыў, што вот жонка гудзе, як калаўротак, што пасядзець не дасць, i браўся за клямку.

      Управiўшыся дома, перад полуднем збiралiся дзяўчаты: прыносiлi абвязаныя хусткамi праснiцы з тоўстаю кудзеляю – iхнiя калаўроткi стаялi ў Корсакавай хаце яшчэ з учарашняе ранiцы. Але прадзiва не было – дзень перад калядамi малы, як у зайца хвост, а на шарай гадзiне прыходзiлi хлопцы, падсаджвалiся да кудзельнiц, неўпрыкметку скiдалi з калаўроткаў шнуры, адбiралi лёгкiя i голыя яшчэ верацёны, а як з куткоў вылазiў i блытаўся пад нагамi рэдзенькiм растрэсеным пачассем мяккi поцемак, бралi каторую за рукi i цягнулi за плiту на ложак. У хаце стаяў сыты рогат давольных хлопцаў i востры, тонкi крык дзявок. Чэз, налiваўся слепатою сiнi вечар, у хаце гусла, хоць ты бяры яе навобмацак, цемната. Ужо было не пазнаць у твар чалавека, хiба толькi па росце, калi ён устане, цi па носе, калi ён паверне яго напроцi акна. Ружаватым агнём пыхкалi i тлелi папяросы. Дзяўчаты сядзелi без работы, паставiўшы ў кут праснiцы i пазатыкаўшы за кудзелю верацёны, i з iмi ўжо дзеразавалiся хлопцы.

      У хаце яшчэ ўсё не запальвалi лямпу. Цiш мяшалася з цемнатою. I толькi чуваць было, як некаторыя з дзявок пацiхеньку прасiлiся ў хлопца:

      – Ах, божа, пусцi! Цi чуеш, пусцi…

      А потым, лiпка прыстаўшы, ляснула рука, мусiць, па чужой.

      – Каб ты не даждаў! – раптам закляла i падхапiлася з ложка дзеўка.

      Але вось нехта шлупаўся ў сенях, вобмацкам шукаючы клямку, адчыняў дзверы i ставiў з прыходу вядро – поўнае, бо чуваць было, як глухавата дзынкнуў аб яго вочап.

      – А чаму ж лямпу не запалiце? – спытаўся ў цемнаце i грукнуў, зачыняючы дзверы, стары Корсак. Ён ужо, мусiць, накармiў скацiну.

      Аднекуль з кутка выйшла Хрысця. Напроцi акна было вiдаць, што ў яе раскалмацiлiся нiзка падрэзаныя валасы. Падступiўшыся, зняла лямпу i панесла пад акно – выцiраць закуранае шкло i падлiваць


Скачать книгу