Захоп Беларусі марсіянамі. Алесь Аркуш
плямы ад сажы. Відаць, некалі тут хадзілі з паходнямі. У разрэзе падземны ход уяўляў сабой усечанае кола, бо падлога ўсё ж была роўнай, шырыня не сягала за мэтар.
Лёхі вялі ў бок Сафійскага сабору. Але ў падзямельлі цяжка арыентавацца, лёхі маглі кудысьці адхінуцца, а заўважыць гэта было амаль немагчыма.
Пасьля 40-50 мэтраў стала цяжка дыхаць. Ён не зьвярнуў на тое ўвагу і рушыў далей. Праўда, гэты асьцярожны рух наўрад ці можна было б назваць шпацырам. Ён сунуўся хутчэй як мінэр па замінаваным полі. Спачатку яму здавалася, што можа абрынуцца столь і яго засыпле. Ці яго самога, ці выхад з падзямельля. Затым яму пачало мроіцца, што нехта ў гэтых лёхах ужо ёсьць і сочыць за ім. Ён нібыта чуў гукі таропкіх крокаў, нейкія ўсхліпы і шоргаты. Пасьля таго спыняўся, прыслуховаўся, і дзіўныя гукі адразу зьнікалі. Нібы той ці тыя, хто былі ў лёхах, умэнт заціхалі.
Ён ужо пачаў шкадаваць, што пацёгся ў пад зямельле адзін. Навошта было так рызыкаваць?
Але не хацелася ні з кім дзяліцца гэтым адкрыцьцём. Апошнім часам ён нікому не давяраў. Нехта зусім падсеў на грошы. Нехта проста стаў падазроным. Нехта сьпіўся і дэградаваў. Не, давяраць не было каму. Ён ня мог так рызыкаваць: усё трэба рабіць самастойна. І ня толькі таму, каб сабраць усе ляўры. Не было ўпэўненасьці, што хтосьці не захоча пагрэць рукі на схаваным тут ад хцівых позіркаў.
Дыхаць стала зусім цяжка. Ён спыніўся і адчуў, як гулка тахкае сэрца ў грудзёх. Здаецца, яго стук разьлятаўся па ўсім падзямельлі. Затым яго хіснула і падалося, што сэрца спынілася. Як быццам бы ў тэлевізары раптам на экране зьявіліся перашкоды ў суправаджэньні гучнага сьвісту. Гэты сьвіст імкліва нарастаў, і ён адчуў, што траціць прытомнасьць.
Праца ў газэце не была цяжкай. Дудар галоўным чынам займаўся разглядам рэдакцыйнай пошты. А таксама рыхтаваў да друку карэспандэнцыі актыву газэты, перадусім моладзі з навакольных мястэчак і вёсак. Гэта было зручным, «стратэгічным» месцам для стварэньня філіі. Праўда, адна справа – напісаць нататачку ў га зэту, з тузінам памылак, да таго ж на трасянцы, і зусім іншая – мастацкі твор. Але Дудар, прынамсі, ужо ведаў некалькі чалавек, якія маглі больш-менш зьмястоўна і гладка выкладаць на паперы свае думкі. Больш за ўсё яго раздражняў іншы бок працы – газэта была расейскамоўнай, і таму даводзілася з трасянкі перакладаць на расейскую. А гэта азначала, што ён як бы сам русіфікаваў маладых людзей, паказваючы, дзе яны памыляюцца, пішучы па-расейску. Разуменьне гэтага свайго дэструктыўнага чыну, бывала, даводзіла яго да шалу. Ён некалькі разоў парываўся завесьці гутарку з рэдактарам пра перавод газэты на беларускую мову, але рэдактар і слухаць не хацеў, тлумачачы, што такое пытаньне вырашаецца нават ня ў Полацкім акругкаме.
Існавала, аднак, добрая магчымасць працаваць і ў іншым кірунку. Гэта адбывалася пры непасрэдным кантакце з аўтарамі газэты. Па-першае, Дудар усіх запрашаў у філію «Маладняка», якую яму даручана стварыць Цэнтральным бюро літаратурнай арганізацыі. Па-другое, ён усіх намаўляў вучыць