Ордэн Белай Мышы (зборнік). Уладзімір Арлоў
штонікаў, сваёй старой кофты і каптурыка з круглымі вушамі. Пад святочнай ялінкаю кожны звер мусіў абараніць свой навагодні строй – расказаць Дзеду Марозу вершык, атрымаўшы ў выніку жменю ліпучых цукерак-ірысак. Знайсці табе вершык мама папрасіла суседа Грышу, чарнявага, з густымі, як быццам намаляванымі бровамі, хлопчыка, які ўжо вучыўся ў школе. Грышаў вершык быў кароткі і вельмі табе спадабаўся. Менавіта яго ў патрэбны момант і пачуў ад цябе Дзед Мароз:
Миша, серенький медведь,
Научил меня пер… ть.
Наступны – ужо дарослы – верш ты ўпадабаў, чытаючы расейскую літаратуру:
Приятно зреть,
Когда большой медведь
Ведет под ручку
Маленькую сучку.
Трэба заўважыць, што героі гэтага лапідарнага твора нязменна выклікаюць у цябе самыя светлыя пачуцці.
Затым у тваіх прыгадах ідуць добра знаёмыя ўсім народныя казкі, сярод якіх адметнае месца, вядома, займае вегетарыянская гісторыя пад назваю «Маша і мядзведзі». Сёння ты яшчэ раз пераканаўся, што жыццё разнастайнейшае, весялейшае і смачнейшае за самую цікавую казку. (Вось таксама забаўны нюанс: уплыў казачнага свету на рэчаіснасць. Тая Маша, ад якой ацалелі толькі майткі, магла начытацца казак і паспрабаваць інтэрпалявацца са свету вечна п’яных бацькоў і галоднага браціка ў тую ідылію, дзе маленькі Мішутка амаль ласкава пытаецца, хто еў з ягонай місачкі.)
Ад казак ты плаўна пераходзіш да славутай навелы Праспера Мерымэ «Локіс» – пра графа-пярэваратня, народжанага графіняю, што страціла розум, адстаўшы на паляванні ад сваіх і апынуўшыся ў пяшчотных абдымках мядзведзя, які на ўсю поўніцу скарыстаў свой шанец. Навела заўсёды была блізкая табе не толькі жывым паўнакроўным вобразам графа (каму ты, як і ягонаму лясному тату, падобраму зайздросціў), але і ейнай геаграфічнаю прывязкаю, бо французскі класік апісаў падзеі, што адбываліся ў братняй жмудкай частцы Вялікага Княства Літоўскага, а «локіс» у перакладзе з мовы жмудзінаў і азначае «мядзведзь».
Ну, граф з такім, дарэчы, мілагучным беларускім імем – Міхал Шэмет – быў экстрэмалам, так шэнціць не кожнаму. А што ты чуў пра сціплых шараговых мядзведзяў, якія адносна нядаўна так шчыльна насялялі тваю краіну, што ў прыдзвінскіх лясах нейкія 150 гадоў таму паляўнічыя здабывалі, бывала, за аблаву дзесятак касалапых, ніколі не адмаўляючыся пры гэтым пачаставацца мядзведжымі секунцамі ды паляндвіцамі.
Гэты экскурс у гісторыю наганяе на цябе лёгкі сум, і ты паварочваеш да больш памысных рэчаў. Напрыклад – да меню бурага мядзведзя. Як табе памятаецца, рацыён у яго, адрозна ад твайго сябра Мбамбы, пераважна раслінны: ягады, арэхі, авёс, жалуды, што не выклікае ў цябе пярэчанняў, тым больш у ім ёсць і спажыўныя прадукты жывёльнага паходжання: жамяра, жабы, грызуны, рыбка, капытныя… Хіба не прыемна паласавацца на зайздрасць французам свежай, халодненькай жабкаю, зажаваць жменю ружовых жыццярадасных чарвякоў якім-небудзь маладым суслікам, закінуць за шчаку парачку