Ордэн Белай Мышы (зборнік). Уладзімір Арлоў
майго дзяцінства навакольныя жыхары, парабіўшы перабойкі, трымалі ў занядбаным храме свінняў. Праўда, аргумент гэты не бездакорны, таму што тады на ўтравелых прыступках не дзяжурылі дзесяткі два жабракоў з пакладзенымі ля ног падранымі шапкамі ці расплюшчанымі скрынкамі з-пад абутку.
Кіпцястая лапа належала жабрачцы гадоў на шэсцьдзесят, апранутай, нягледзячы на ліпеньскую спякоту, у страшэнна брудны восеньскі палітон, які даўно ўжо забыўся, што такое гузікі. У яе былі нямытыя, напэўна, ужо колькі месяцаў валасы загадкавага колеру і гэткага ж колеру вочы, якія таксама хацелася назваць нямытымі.
Мне цяжка падаваць жабракам каля храмаў. У падземных пераходах зусім іншае: можа, з тае прычыны, што вулічныя жабракі спадзяюцца адно на тваю шчодрасць, не шантажуючы цябе абавязкам перад Усявышнім. З такімі не надта дабрачыннымі думкамі я падняўся па ўсходах у пустэльную свежасць сабора, але каля шапіка са свечкамі нешта змусіла мяне азірнуцца на жабракоў.
Калісьці я ўжо бачыў дзве такія малінавыя плямы на шыі…
Калісьці я ведаў, да чаго яны падобныя… Падлога гайданулася ў мяне пад нагамі. Калісьці я… цалаваў іх…
Некалькі імгненняў памяць дзейнічала, як відэамагнітафон, што перакручвае назад патрэбную касету, а потым я ўбачыў Дзвіну, у якую разам з Сафійкай глядзелася яшчэ незруйнаванае барока сабора святога Стэфана.
У тыя гады Дзвіну нельга было ўявіць без задзвінскай вар’яткі Юлькі, што ўлетку, «каб наша рэчачка не высахла», вёдрамі цягала на бераг ваду з калонкі. Знямогшыся, яна сядала на траву і, баязліва паглядаючы на рыбакоў, зацягвала сваю ўлюбёную песню пра Лілю.
На бірагу сідзела Ліля,
А радам с нею капітан… —
выводзіла Юлька тонкім дзяціным галаском, які, відаць, толькі і мог існаваць у яе выпетраным целе. Далей песня рабілася журботнай:
Уж год прашол, марак ні едзіт,
А Ліля к берагу ўсё йдзёт…
Ніхто з нас тады не ведаў, што Юлька звар’яцела яшчэ перад вайною – пасля допытаў у колішнім кляштары бернардзінаў, дзе, не вытрываўшы, падпісала штосьці страшнае пра каханага хлопца, якога «варанок» павёз у невараць у тую самую ноч, калі Юльку адпусцілі дадому. У нашым дзяцінстве дарослыя былі не надта ахвочыя да такіх успамінаў, хоць Юльку шкадавалі і не давалі ёй памерці з голаду.
Фінал у песні быў трагічны:
Красотка Ліля утанула,
Яе уж большэ ні відно.
Юльцы выпаў лёс яе гераіні. Аднойчы вудалі налілі спявачцы чарку гарэлкі, і яна, канчаткова ўвасобіўшыся ў вобраз сваёй Лілі, кінулася каля чыгуначнага моста ў Дзвіну.
Пустая, зарослая вышэй вокнаў крапівою і здзічэлымі парэчкамі Юльчына хаціна палохала вока на пачатку той вуліцы, дзе жыла Аня Шадурка, найпрыгажэйшая дзяўчына майго класа.
Вядома, Аня адно здавалася мне такой, бо калі я гляджу на выпускное фота нашага 8 га «А», дык знаходжу тварыкі значна прыгажэйшыя. Напрыклад – выдатніцы Светкі Цімафеевай, той самай Светкі, якую праз гадоў