Ордэн Белай Мышы (зборнік). Уладзімір Арлоў
ні пра паэта, якога амаль год трымаюць у турме за легкадумны вершык, ні пра чыесьці спаленыя партрэты, ні пра новыя арышты.
Давай уявім, што там, за вакном, звычайная для Эўропы прыпозненая вясна, і я раскажу табе якую-небудзь займальную гісторыю, штосьці такое, аб чым мужчына і жанчына, якія адчулі прыхільнасць адно да аднаго і ўжо не першы год адчуваюць яе да добрага чырвонага віна, могуць гутарыць зараз за столікам кавярні недзе там, дзе разлічваюцца кронамі альбо крэдытнымі карткамі.
Напрыклад?.. Напрыклад, калі пачынаць ab avo* (– Літаральна «ад яйка»; з самага пачатку (лац.), паслухай, кім я марыў стаць у дзяцінстве.
Зрэшты, я выказаўся не зусім дакладна. Мары вырастаюць на падмурку хоць нейкага жыццёвага досведу, а я збіраюся казаць пра свае першыя гады, калі толькі пачынаў адасабляць сябе ад навакольнага свету, калі дарослыя ўжо бралі мяне з сабою ў кіно (тэлевізараў на нашай вуліцы ды, пэўна, і ва ўсім горадзе тады не было), але кніга яшчэ доўга заставалася таямніцаю за сямю пячаткамі. Тут, згадзіся, трэба весці гаворку непра асэнсаваныя мары, а пра своеасаблівыя сны наяве…
Калі ласка, бутэлечку ламбрускі. Што яшчэ? Два келіхі і попелку.
Так, менавіта пра сны наяве, тлумачыць якія мы павінны, зыходзячы не з іх літаральнага сэнсу, а паводле той самай методыкі, што і сны звычайныя, у якіх злоўленая рыба абяцае не рыбалку, а цяжарнасць, а пажар – грошы.
Калі ў такім узросце ў дзіцяці пытаюцца, кім яно хоча стаць, то вядуць дыялог з падсвядомасцю, а таму трохі дзіўна, што дзіцячым адказам на гэтае сакраментальнае пытанне не надавалі належнае ўвагі адэпты псіхааналізу.
Афіцыянт не спяшаецца, і з твайго дазволу я пачну з таго, што выдатна памятаю не толькі тое, кім хацеў быць, але і тое, кім ні ў якім разе не хацеў. Прычым гэты антывыбар, у адрозненне ад выбару са знакам плюс, нярэдка, як гэта здараецца і ў свеце дарослых, быў абгрунтаваны значна лепей. Вытлумачыць, чым той ці іншы чалавек табе не даспадобы, заўсёды, на мой погляд, прасцей, чым знайсці прычыны сваёй прыхільнасці.
Дык вось, гадоў з двух з паловай я быў перакананы, што ніякая сіла не змусіць мяне, як вырасту, зрабіцца следчым.
Следчым працаваў дзядзька Чаглей, які жыў у нашым драўляным доме праз сценку.
Дзядзька Чаглей прыехаў у Полацак з Сібіры, але ў той дзень, калі ён падхапіў мяне сваімі дужымі валасатымі рукамі пад пашкі і падкінуў над галавой, а я з гэтае верхатуры абсікаў яму бліскучы плех, у той дзень пра паходжанне нашага суседа, як і пра існаванне ягонай далёкае радзімы, я і не здагадваўся, а мой пругкі і трапны струменьчык нарадзіўся не ад нейкага перададзенага па генах асаблівага пачуцця да сібіракоў або да міліцэйскіх следчых, а ўсяго толькі ад лішку радасных пачуццяў, што перапаўнялі маю юную істоту.
Тым не меней пасля гэтага бяскрыўднага здарэння дзядзька Чаглей да скону дзён знелюбіў мяне. Ён ніколі – дарма што сваіх дзяцей яны з цёткай Клавай, якую ўсе звалі Чаглеіхай, не дачакаліся – не пачаставаў мяне ні цукеркаю, ні марозівам, наогул нічым, апрача нязменна