Таямніцы полацкай гісторыі. Уладзімір Арлоў
адно не губіце ніякай хрысціянскай душы». Ці ўспамінаў князь пры гэтым жаніцьбу з Рагнедаю? Як успомніў дык хочацца верыць, што шчыра раскаяўся. А што да настаўлення не ліць крыві – не той быў час, каб нашчадкі да яго прыслухоўваліся.
Ці не найлепшым выканаўцам Уладзіміравага запавету мог бы стаць – каб дажыў да яго – князь Ізяслаў. «Бысть же сий князь, – паведамляе пра яго Ніканаўскі летапіс, – тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело, и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, долготерпив». Ёсць у гэтым партрэце відавочная ідэалізацыя, але ёсць і звесткі, вартыя даверу.
Ізяслаў – першы з усходнеславянскіх князёў каго летапісы называюць кніжнікам. Менавіта ён увёў у Полацку пісьменства і навучанне грамаце. Пячатка з яго імем, якою змацоўваліся княжыя граматы, лічыцца адным з найдаўнейшых помнікаў беларускага пісьменства.
Рагнедзін сын застанецца ў гісторыі як першы беларускі асветнік і як князь, што аднавіў у старажытнай крывіцкай сталіцы полацкую дынастыю. Пачынаючы з яго, усе нашчадкі Рагвалода нязменна называлі сябе Рагвалодавічамі, а не Рурыкавічамі, як астатнія «рускія» князі.
Горад на той час ужо падняўся з папялішча. На высокім беразе Дзвіны, там, дзе яна прымае ў сябе Палату, стаяў рублены з бярвення новы дзядзінец, вакол якога рос пасад. Шырокую дзвінскую роўнядзь усё часцей упрыгожвалі ветразі купецкіх стругаў.
Князь Ізяслаў пакінуў Полацк і гэты свет неўзабаве па смерці маці. Цяжка сказаць, ці княжыў яго сканалы ў малалецтве старэйшы сын Усяслаў Даты ствараюць загадкавы ланцужок: 1000 год – памірае Рагнеда, 1001 – Ізяслаў, 1003 – Усяслаў Ізяславіч. Сын і ўнук развітваюцца з жыццём значна раней за бацьку і дзеда, што дажыве да 1015 года. Відаць, доўгія рукі меў Уладзімір Краснае Сонейка, вялікі быў яго страх перад адраджэннем Полацка.
Пасля таямнічай бацькавай смерці полацкі пасад заняў Брачыслаў Ізяславіч, які канчаткова верне княству незалежнасць.
Ён застаўся сіратою ў раннія гады. Бацька паспеў пасадзіць хлопчыка на каня, даў патрымацца за меч, паслухаў, як, водзячы пальцам па пергамене, княжыч расчытвае кніжныя радкі. Далей яго выхаваннем займаўся нехта з полацкіх баяраў.
Брачыслаў застаўся апошнім жывым Рагвалодавічам. Палачане бераглі малалетняга князя, як вока, і глядзелі на яго з вялікімі спадзяваннямі.
У Кіеве яшчэ сядзеў ненавісны Уладзімір. Рагвалодаў забойца мусіў аднавіць Полацкае княства, але забраў у яго волакі на гандлёвых шляхах. Ключы ад іх – Віцебск і Усвят – перайшлі пад уладу Ноўгарада, куды плыло цяпер багатае мыта з праезджых купцоў Полацкія «мужы моцныя» марылі павярнуць гэты залаты ручай да сябе, аб’яднаць крыўскія землі і прырасціць да іх дрыгавіцкія.
Узмужнеўшы і ўвабраўшыся ў сілу, князь спраўдзіў надзеі землякоў Як тое адбывалася, апавядаюць летапісы і «Сага пра Эймунда».
Памёр Уладзімір Краснае Сонейка,