Дзіцячы маніфест (зборнік). Кiрыл Стаселька
кіроўцам – пакуль яшчэ не прыйшоў. Таму, разабраўшыся са справамі, Базалья выйшаў на ганак, каб распаліць люльку і трохі пагрэцца на сонцы. Але хвілін праз дзесяць Штомпка перапыніў ягоную тытунёвую феерыю і запрасіў да сябе ў кабінет.
– Ты не забыўся, што сёння трэба будзе сустрэць папаўненне?
– Не забыўся, вось якраз чакаў Владэка.
– Зразумела. Калі ён прыедзе, будзе ўжо досыць позна. Таму лепш увесці яго ў курс справы заўтра. Абрывачная інфармацыя толькі адпудзіць, так што пратрымайся да наступнага дня. Трымайся, як на допыце, – засмяяўся Штомпка.
– Гэта я і сам разумею.
– Выдатна! Заўтра падрабязна ўсё яму растлумачу і папрашу Тадэвуша яго тут павадзіць. Яны з Тадзікам аднаго ўзросту, таму хутка адаптуецца. І папрашу цябе, калі ласка, першы час паназірай за ім, але не вельмі назойліва.
– Згода.
– Выдатна! Вунь, дарэчы, і Владэк ідзе. Базалья спусціўся з ганку і пайшоў насустрач.
– Добры дзень, Владэк!
– Добры дзень! Выбачайце, што спазніўся.
– Нічога, мы яшчэ не спазняемся. Машына гатовая, можам выязджаць?
– Так, машыну за брамай пакінуў. Вы яе не пазнаеце. Пафарбаваў, адрамантаваў, цяпер яна як новенькая.
Яны прайшлі па сцежцы за брамку і селі ў аўтамабіль. Яго на самай справе было не пазнаць. Было відаць, што Владэк вельмі гэтым ганарыцца. Калі б побач стаяла яшчэ некалькі машын, ён пэўна папрасіў бы адгадаць, якая з іх яго. Машына была старая і нязручная, таму Базалья толькі ў крайніх выпадках прасіў куды-небудзь падвезці. Але цяпер у салоне нешта змянілася і было досыць камфортна. Базалья нават паспеў задрамаць, і амаль гадзіна дарогі праляцела, як дзесяць хвілін. Калі прыехалі на вакзал, на вуліцы ўжо цямнела. Ён папрасіў Владэка прыпаркавацца побач з аўтобусным прыпынкам на Мікушэва.
Малады спецыяліст мусіў знайсці іх па нумары машыны. Цягнік з Варшавы ўжо дваццаць хвілін як прыбыў, а госця ўсё яшчэ не было. Базалья гатовы быў і сам пайсці шукаць згубу, ды не ведаў, як той выглядае. Ён адлучыўся, каб патэлефанаваць, пакінуўшы Владэка і пра ўсё таго папярэдзіўшы. Вярнуўся, але малады чалавек так і не з’явіўся. Владэк не мог доўга затрымлівацца, ды і чакалі яны досыць доўга, таму вырашылі пабыць тут яшчэ хвілін дваццаць і вяртацца ў Мікушэва. Магчыма, той нешта пераблытаў. Базалья спадзяваўся, што ў такім выпадку ён здагадаецца сам даехаць на аўтобусе. Яму не хацелася зноў выслухоўваць ад Штомпкі лекцыі на тэму «Што можна было б зрабіць». Да таго ж, калі яны прыедуць назад, ён ужо будзе спаць.
У іх невялікай клініцы гэта быў ужо чацвёрты доктар за апошнія паўтара гады. Базалья не раз спрабаваў пераканаць Штомпку ў тым, што лепш нікога больш не прыцягваць. Нават калі на тое мелася крайняя патрэба, варта было запрашаць не маладых, а вопытных, і самае галоўнае, правераных спецыялістаў. Апошнія няўдалыя выпадкі мусілі стаць для яго найлепшым аргументам, але Штомпку немагчыма было пераканаць. Па характары Базалья на дзіва стрыманы чалавек,