Рай даўно перанаселены (зборнік). Алена Брава
і аўтар у дадзеным выпадку нічым не можа дапамагчы гераіні, бо абавязаны падпарадкоўвацца ўсё таму ж закону адбіткаў. Зрэшты, літарату-ра і жыццё даўно сталіся люстэркамі, змешчанымі адно насупраць другога, і цяжка вызначыць, які з адбіткаў сапраўдны; выявы, па-мнажаючыся, сыходзяць у бясконцую перспектыву.
4
Займець сяброў у яе не атрымліваецца, хоць плач. Нават Таня Савіч, дачка прыбіральшчыцы, бедна апранутая, з вялікімі чырвонымі рукамі, займае ў іерархіі класа больш пачэснае месца, чым Юля. Што звычайна робіць чалавек, калі жадае быць заўважаным? Намагаецца вылучыцца з натоўпу. І яна пачынае пісаць школьныя сачыненні сваім почыркам. Яна не толькі настойвае на непрызнаным педагогамі бутонападобным «т» – яна яшчэ і апісвае тое, што адчувае, а не тое, што патрэбна! Спачатку настаўніца, прыгаломшаная выкшталцоным узорам цытат, аб’яў-ляе яе сачыненні лепшымі ў класе. Але гэта працягваецца нядоўга. Яе ўзнёслыя споведзі (піша ж яна так, быццам бы гэта – дзённік, не прызначаны для чужога вока) не да месца там, дзе флейта ра-мантыкі, гэтай прасцячкі, што з часоў Марсія сама здзірае з сябе скуру, не мае аніякіх шанцаў перад літаўрамі афіцыёзу.
Дый клас у неўразуменні: навошта яна гэта робіць? Чаго прасцей: спісаць з крытыкі некалькі старонак пра тое, што Анегін, прыкладам, лішні чалавек – менавіта гэтага чакаюць ад іх настаўнікі. Здаецца, новенькая не разумее няхітрых правіл гульні і ў школьных сшытках выстаўляе на ўсеагульны агляд сваю душу, голую, як зародак, ледзьве прыкрытую каляплодным пухіром хрэстаматыйнае тэмы. Увішныя «харашысткі» гадаюць, што яна разлічвае ад гэтага мець, а яна проста імкнецца хоць да каго-небудзь дакрычацца ў іх special English school,[1] што прыткнулася паблізу шклозаводскай трубы. (Славутая труба ўзвышаецца над імі карыкатурай на Вялікага Бэна ды плюецца кіслотным дымам, ад якога ў роце стаіць ёлкі прысмак, шкло ў вокнах робіцца брудна-жоўтае, а на капронавых панчохах настаўніц распаўзаюцца дзіркі). Тая шчырасць, з якой Юля выказвае сябе: пра дрэва ў парку, да якога ходзіць «на споведзь», пра «Месяцовую санату» у выкананні Гілельса, якую слухае – трэба ж! – толькі ў «сінім» пакоі, – насамрэч ёсць толькі спробаю з кім-небудзь зблізіцца. Але яе пачуццёвасць тут непрыстойная, як эксгібіцыянісцкія практыкаванні на падваконні.
…Кожнага разу, калі літаратарка зачытвае ўголас Юліна сачыненне, за сутулаватай спінай выдатніцы адбываецца наступнае: Саша Сомаў кідае папяровы шарык у Зою Мардасаву, што ўздыхае над імпартным часопісам, Андрэй Лазоўскі, штатны блазан дзя-вятага «Б», дэманстратыўна крыўляецца, капіруючы літаратарку, сёстры-двайняты Рудаковы сінхронна пудраць і без таго лялечна-ружовыя пыскі. У гэтай бязмэтнай валтузні адчуваецца, між іншым, свядомая воля, клас яшчэ раз абвяшчае свой прысуд Юлі: яна – чужаніца! Нікчэмная зубрылка, яна спрабавала ўбіцца ў ласку сваёй заўсёднай гатоўнасцю даць спісаць задачку па хіміі – ні фіга, яе манеўр разгаданы. І колькі б яна ні намагалася прыкінуцца
1
Спецыяльная англійская школа (англ.).