Рай даўно перанаселены (зборнік). Алена Брава
На стале – партрэт Армана Жана дзю Плесі кардынала дэ Рышэлье, выразаны з рамана Дзюма і любоўна ўстаўлены ў рамку: у самотнага і гордага кардынала, што ўвесь час адбіваецца ад мушынага клану мушкецёраў, яна была закаханая ў дзіцячым садку. Побач месціцца прайгравальнік грампластынак, над ім модная навінка – чорна-белы фотаздымак Уладзіміра Высоцкага, абдымаючага замежную русалку Марыну Уладзі. Здымак, набыты Галінай Іларыёнаўнай ў фарцоўшчыка за два рублі пяцьдзясят капеек, мусіць дэманстраваць, што гаспадыня кватэры – надзвычай дасведчаная ў культурных рэаліях персона. Але найгалоўнейшае сведчанне яе «інтэлігентнасці» – на кніжных паліцах.
Кнігі для хатняе бібліятэкі маці падбірала не столькі пад колер шпалераў (яны ўсё ж калі-нікалі пераклейваліся), колькі ў тон раскошнай югаслаўскай «сценкі», дзеля якой Галіне Іла-рыёнаўне давялося перацягаць загадчыцы мэблевага магазіна не адну ўпакоўку пральнага парашка «Пунсовы ветразь». Мэбля глядзелася ў кватэры, як брыльянтавы пярсцёнак на паедзенай экзэмай руцэ. Каб неяк прыручыць гэтую імпартную прыгажосць, ад якой балелі вочы, як напачатку прастуды, Галіна Іларыёнаўна вырашыла запоўніць паліцы кнігамі. «Пунсовы ветразь» цяпер самаўпэўнена пракладаў шлях праз мёртвы штыль кніжнага ма-газіна, скіроўваючыся акурат да кабінета загадчыцы. Так дома ў Юлі з’явіліся творы Цвейга (карычневы пераплёт), важкі двух-томнік «Аповесцяў пра каханне» (вокладка з віньеткай) – у ім школьніца з прыроджаным пачуццём трагічнага адшукала «Грана-тавы бранзалет» Купрына і «Кветкі запозненыя» Чэхава, – ды томік Фітцджэральда (колеру антрацыт) з «Вялікім Гэтсбі». Усе гэтыя тамы, што нясуць у сабе такую дозу месяцовага яду рамантызму, якая здольна атруціць на ўсё жыццё і менш успрымальны арганізм, выдатніца адзін за адным цішком перацягвае ў свой пісьмовы стол…
Маці тым часам выхваляецца перад таварышкамі па службе сваёй разумніцай-дачкой, якая марыць адно пра залаты медаль ды прэстыжны інстытут. Галіна Іларыёнаўна абсалютна не ў стане ўявіць, што тыя сотні тысяч кубаметраў выкідаў, якімі ў планавым парадку забруджвае паветра горада яе прадпрыемства, – нішто ў параўнанні з наркатычным газам, што ўдзень і ўночы, як у тры змены працуючы завод, выдатніца прапускае праз сябе.
У тым узросце, калі душа больш падатлівая, чым воск, лёгка прыняць за жыццё, якога не ведаеш, яго літаратурныя адбіткі. Тым больш, калі навакольная рэчаіснасць нагадвае халтурны спектакль хранічна п’янага правінцыйнага рэжысёра, пастаўлены да чарговага партз’езда. Між іншым, кнігі, здольныя прышчапіць буйны парастак Юлінай сентыментальнасці да разгалістага дрэва грамадзянскасці, якая культывавалася ў тую пару ўсімі добрапрыстойнымі садаводамі ад літаратуры, дзяўчынка праглынае, гідліва зажмурыўшыся, як абавязковую яечню на сняданак. Тыя трывалыя, як крамлёўскія цагліны, тамы з серыі «Школьная бібліятэка», пераважна ў барвовых вокладках (катэгорыя трагічнага ў іх увянчана дазволенымі лаўрамі сацыяльнай