Паўночны вецер для спелых пладоў (зборнік). Юры Станкевіч
адзін не будзе, а будуць прымаць удваіх з выкладчыкам Гавіным з Інстытута народнай гаспадаркі.
– Ну, трапілі, – прашаптала побач Юля Маракова. – Той Гавін зарэжа палавіну курса, анягож. Ён непрадказальны, самазадаволены індык.
У аўдыторыі сцішана загаварылі, захваляваліся. Выкладчыка Гавіна ведалі па яго лекцыях, некалькі з якіх ён раней прачытаў на іх курсе; таксама – па жорсткім патрабаванні канспектаў і няўхільным наведванні тых лекцый. Прысутных ён з насякомай уедлівасцю падымаў з месца і правяраў кожнага праз журнал.
Студэнт Ігнат Мазур адчуў непрыемны халадок у грудзях. Успомніўся іспыт па гістарычным матэрыялізме і атрыманы з той нагоды сапраўдны нервовы стрэс. «Нена-ві-джу…» – зноў усплыло ў свядомасці слова, якое б ён з задавальненнем запамятаваў. Але – пакуль не выпадала. Што ж, такое жыццё, меркаваў ён.
Пасля заканчэння апошняй пары аўдыторыя апусцела і студэнт Ігнат Мазур пайшоў шукаць выкладчыцу з кафедры замежнай літаратуры. Ён знайшоў яе ў дэканаце.
– Што ж, – сказала выкладчыца Нэла Ліцвінава, – калі ўжо самі напрасіліся, то хадземце на наш імправізаваны іспыт. Дзе ў нас тут пустая аўдыторыя?
– Якраз апошняя лекцыя скончылася, – паказаў ёй на расчыненыя дзверы сваёй аўдыторыі студэнт Ігнат Мазур.
Яны паселі, і выкладчыца сказала:
– Час у мяне абмежаваны, так што пачнём без лішніх уступаў. Вы сапраўды гатовы? Калі выцягнеце хоць бы на «здавальняюча», я, так і быць, выканаю вашу просьбу.
Паўза.
Далей пачалося сапраўднае выкручванне мазгоў. Пытанні ўсё больш ускладняліся: з ангельскай, іспанскай, нямецкай, французскай, маладой амерыканскай літаратуры як дзевятнаццатага, так і дваццатага стагоддзяў. Маючы добрую памяць, Ігнат Мазур лёгка ўспамінаў прачытанае і адказваў, коратка, але часам адхіляючыся ў бок, калі гаварыў пра аўтараў, што яму асабліва падабаліся: Альбэра Камю, Іва Андрыча, Кнута Гамсуна.
– Ну, а які тэкст, па-вашаму, варта прызнаць найлепшай кнігай усіх часоў і народаў? – раптам нечакана спытала яго напаследак выкладчыца Нэла Ліцвінава. – Вы ж, пэўна, ведаеце, што такія апытанні раз-пораз праводзяцца, і рэйтынг кожнага новага аўтара вылічваецца больш-менш дасканала?
Студэнт Ігнат Мазур падумаў і адказаў на гэта, што тут меркаванні вядомых крытыкаў разыходзяцца: некаторыя нават лічаць найлепшай сусветнай кнігай «Дон Кіхота» Сэрвантэса, але на яго, Ігната, думку больш вартыя такой высокай ацэнкі творы Шэкспіра, Дастаеўскага, Стэндаля, Ніцшэ, Фіцджэральда, Гамсуна, многіх іншых.
А што тычыцца «Дон Кіхота» Сэрвантэса, дадаў, то ён шчыра прызнаецца: кнігу да канца не дачытаў. Герой – псіхічна хворы чалавек і, нягледзячы на вялікую гуманістычную скіраванасць, двайную нагрузку і глыбіню тэксту, гэта аказвае негатыўны ўплыў на ўспрыманне. Хіба не так?
– Лічу, што не зусім так, – усміхнулася на гэты кароткі спіч выкладчыца Ліцвінава, – але думку вашу прыму на ўвагу.
– А вось Дастаеўскі і яго «Бесы», «Браты Карамазавы» – гэта сапраўды вышыня. Яшчэ Ніцшэ, Клейст, Гёльдэрлін – якіх Стэфан Цвейг аб’явіў