Замак пабудаваны з крапівы. Зміцер Вішнеў

Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў


Скачать книгу
Было адчуванне, што ў мяне цэліцца снайпер. Праспаў!.. Праспаў цягнік Масква – Берлін, да якога чапляецца адзін няшчасны вагон з Менска і на які мы бралі квіткі загадзя! За месяц!.. Бо інакш – толькі аўтобусам. А гэта вам не хухры-мухры. Гэта ехаць не адзін дзень. Я ўявіў сябе ў аўтобусным крэсле, уявіў скурчаным і брудным, нібы складзеным у некалькі разоў і запхнутым у валізку. О, божухна, толькі не гэта! А яшчэ многа-многа палотнаў (вось дзе я ўжо ненавіджу ў сабе мастака!), якія не ўвапхнуць у гэты пракляты аўтобус. Бо не гумовы!.. Хаця… хіба на галаву пакласці?! А яшчэ, яшчэ… абавязкова там не будзе працаваць прыбіральня! Я ўявіў, як прымяраю рознакаляровыя твары: афрыканскія, японскія, аўстралійскія… Уявіў, як шчыліцца ў нямым крыку мой рот: «Н-е-е-е-е-е-е! Толькі не гэт-а-а-а-а-а!»

      Я ўскочыў. Я не служыў у войску, але цяпер мне мог пазайздросціць кожны прафесійны салдат. Вось дзе б узрадаваўся мой бацька!.. У мінулым ён быў афіцэрам савецкай арміі. Ягоныя бліскучыя боты з падкоўкамі не аднойчы адбівалі барабанны дробат па брукаванцы еўрапейскіх гарадоў. За ягонай спінай заўсёды весела развяваліся штандары акупацыйнага атрада. Цяпер бацька стаяў перада мной у новенькай зялёнай форме падпалкоўніка і радасна ўсміхаўся, блішчэў залатымі пагонамі, ззяў зорачкамі і ціха махаў рукой: «Уставай-уставай! Паснедай. І трэба ў школу. Маці прыгатавала ўжо… Блінчыкі з мёдам…»

      А-а-а-а-а-а-а!!! Гэта мой крык нібы ядро закруціўся і зашыпеў па пакоі!… А-а-а-а-а-а!!! Не паспела згарэць бабруйская запалка, як я быў ужо сабраны. У зубах – торба, за спінай – заплечнік, і яшчэ многа-многа скручаных палотнаў… Столькі скруткаў нармальны чалавек не можа ўтрымліваць адначасова. Яны былі паўсюль! Я выглядаў як дзікабраз… А магчыма, я быў падобны да пехацінца перад марш-кідком… Але ж трэба памятаць, што ў выключных сітуацыях чалавек здатны на самае неверагоднае!..

      – Алё! Таксі…

      16

      Перад пад’ездам мяне чакаў пітон – паглынальнік новых відаў дзікабразаў. У ягоных бяздушных вачах адлюстроўвалася лісце дрэваў. Я згадваў савецкі мульцік пра ўдава і папугая… пра даўжыню ў папугаях… а калі пра даўжыню ў дзікабразах? У гэтых думках не было б нічога арыгінальнага, калі б не адно «але». Недалёка ад пітона блішчэлі акулярамі пяць бабулек. Сярод гэтай нерамантычнай раніцы яны выглядалі ляжачымі паліцэйскімі. Ды і лавачка ператваралася ўжо ў адну вялікую інвалідную каляску. А калі пітонаў вымяраць у беларускіх бабульках, што гніюць каля пад’ездаў? Гэтая думка засела ў галаве нібы ўкус змяі.

      Дзікабраз даў нырца ў разяўленую пашчу пітона. Наперад, Берлін!

      17

      Бацька быў, праўда, несапраўдным акупантам – у войска яго забралі гвалтам. У інстытуце, дзе ён вучыўся на інжынера, не было нават вайсковай кафедры… Але пасля заканчэння вышэйшай установы яму загадалі ісці служыць: «Партыя робіць ласку! Служы!» І бацька служыў – служыў усё жыццё. Хоць і не пераносіў шыняля на дух. Быў акупантам у Вугоршчыне, Польшчы, служыў на Беларусі ў Паставах і Слуцку, у тундры на Мысе Шміта… І таму штандары за яго спінай


Скачать книгу