Замак пабудаваны з крапівы. Зміцер Вішнеў
злосць гэтым заімшэлым савецкім прапагандыстам абазвалі сваю літаратурную і мастацкую суполку па-нямецку. На нас пасыпаліся віртуальныя камяні і гнілыя памідоры!.. Мы такія і разгэтакія, недабіткі, ледзь не нахлебнікі фашызму. Кожны ветэран лічыў за гонар прыйсці на нашыя творчыя імпрэзы, каб потым устаць пасярод пэўнага літаратурнага выступу і, грозна пазвякваючы медалямі, выкрыкнуць, каб мы вымяталіся прэч з беларускай зямлі. Гэта ўжо значна пазней адносіны абывацеляў сталі больш памяркоўнымі да нямецкай культуры. Калі інфармацыйная прастора перастала быць спрэс савецкай. Але і дагэтуль я ўяўляю таго ветэрана, які грыміць медалямі і размахвае стаптаным пантофлем! І мне яго шкада… (А неяк са мной таксама здарылася гісторыя. Стаяў я на менскім аўтобусным прыпынку недзе ў раёне Трактарнага завода. Раптам падыходзіць да мяне п’яны. Але бачу ў яго ордэн Перамогі. Ветэран. Пэўна, напрымаўся франтавых. Свяціўся дзед металічнымі зубамі. Здавалася, прыемны старэча. Але заўважаю, што гэты старэча глядзіць на мяне неяк вельмі злосна. Ды што здарылася? А-а-а-а… На мне – лётная нямецкая куртка, на якой нашытыя нямецкія сцяжкі. Ну, не фашыстоўскія ж. У чым праблема? Ветэран паглядзеў мне ў вочы, абдаў самагонным перагарам і выдыхнуў: «Добры немец – мёртвы немец! Многа я вас пастраляў! Але цяпер думаю, што мала!»)
28
Гледзячы на шпілі Берліна, нюхаючы салодкае паветра, адчуваючы ботамі брукаванку, я думаў: што агульнага ў гэтага горада з Менскам? Цэнтральныя вуліцы!.. Ну, безумоўна, бо ўвесь цэнтр у Менску – гэта так званая «сталінка», якая была збудаваная ў пасляваенныя часы… Падчас Другой сусветнай вайны Менск быў разбураны ўшчэнт. І нагадваў адзін суцэльны аэрадром, завалены камянямі. Горад не аднаўлялі, а будавалі цалкам нанова, а будаўнікамі былі нямецкія ваеннапалонныя. Так-так, Менск і Берлін паяднаныя вайной, яны ў пэўным сэнсе зводныя браты… Я стаяў, нюхаў восеньскае берлінскае паветра. Накрапваў дожджык. І нейкая немка на ровары памахала мне ручкай. Мажліва, гэта мая будучая перакладчыца? Я ўсміхнуўся. Гэх, Сафа… Сафа… Немка з’язджала, а мне здавалася, што ззаду ў мяне вырасталі маленькія крыльцы… З чаго б гэта, га?..
29
Колькі слоў пра «Tacheles»… Я ўжо ўзмахнуў пэндзлікам, нібы дырыжорскай палачкай. Ужо адскоквалі ад мяне энергетычныя хвалі. Здавалася, што яшчэ імгненне – і на палатне абавязкова расквітнеюць піраньі. Думалася, што постаць легендарнага Казіміра Малевіча схілілася нада мной. Як раптам праз шкло майстэрні я заўважыў скурчаны твар Васіля Кандзінскага, які рагатаў! Гэта быў бязгучны і моцны рогат сіняга вершніка. Конь раструшчыў шкло майстэрні, і яно сыпалася паўсюль, нібы дождж з градам. У галаве звінела. Я прыгледзеўся: проста перада мной рагатаў і качаўся па падлозе жоўты карлік у валёнках. Яго выкручвала. Смех яго душыў да слёз і да граду, і маленькіх жоўтых шкляных аскромкаў.
– Такое ўражанне, што цябе душыць прыступ жаўтухі. Настолькі ты брыдкі і жоўты, – сказаў я.
Карлік супакоіўся і прысеў:
– Ну,