Замак пабудаваны з крапівы. Зміцер Вішнеў

Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў


Скачать книгу
А сёння я прачнуўся ў казачным Менску, дзе ў маёй кватэры жылі дзіўныя рэчы. У лядоўні сярод прадуктаў знаходзіліся чароўныя істоты. Увогуле ўсё было суцэльным парадоксам. На зебры вакол лётала каханая і расцягвала замест усмешак фантасмагорыю.

      32

      У адной вёсцы. У вельмі ружовай і шчакастай. У галёшах і тапачках. У пальчатках і рукавіцах. У дымчатых ботах. З маласольным агурком у зубах. З агідай у вачах. У семафорах. Умітускі попелу і пылу. У драўлянай зале. Казалі.

      – Менск чымсьці нагадвае пячоры, – сказала Наташа. – Я заўсёды адчуваю сябе тут старажытным чалавекам. Тут замест заплечніка хочацца бадзяцца з вялікай сякерай ці кувалдай.

      – Вясной на дрэвах з’яўляюцца ракавінкі, – сказаў я, – там жывуць сінія жукі. Ім там добра. Сытна. Утульна. Цёпла. Заўсёды марыў стаць такім жуком і жыць у ракавіне. Прыемна паміраць увосень.

      – Ты – разумнік, Сафа. Цябе трэба ставіць на скразняку, каб разумнасць твая разыходзілася… Хаця б трошкі радзела. Яна, разумееш, дзейнічае на нервы.

      – Сама не лепшая.

      – Звяжыся з дурнем…

      Мы змоўклі. Напэўна, былі. А мажліва, небылі думалі. Былі дзесьці. Плылі кудысьці. А куды? І самі не ведалі.

      Наташа падышла да мяне і пацалавала ў нос. Абдала водарам рамонкаў і гваздзікоў. Абслініла мой нос. Прыемна было. Кахае мяне гэтая жанчына. І я расплюшчыў шырэй вочы. Не прымружыў, як хацелася. Расплюшчыў. Расплюшчыў. Не стаў міргаць. Глядзеў. Аглядаў Натку ад пятак да макаўкі. Погляд мой віхурай пралятаў па яе даўгіх валасах. Пуржыў іх. Скручваў у парваныя струны. Прапаўзаў па чорнай радзімцы над вуснамі. Агінаў яе, як маленькі баркас. Раскачваў яго і цалаваў у засмок… Погляд стукаўся і перастукваўся цягніком. Пераскокваў і перацалоўваў мясцовасць.

      – Учора.

      – Вядома. Мы тады ездзілі ў Мірскі замак. Шпацыравалі сярод старажытнасці. Любаваліся. З вартаўніком Іванычам балбаталі. Ён на развітанне меч падарыў. Цяпер я – рыцар!

      – Бачу ў тваіх вачах цёмныя колы. Зноўку ты гіпнатызуеш мяне, – нараспеў загаварыла Натка. – Ходзіш вакол. Вядзьмарыш. Аплятаеш сеткай, павук. Я паддаюся, паддаюся… Адказваю на гэтыя таямнічыя сігналы. Узлятаю да столі дырыжаблем.

      – Р-р-р-р-р-р!.. – падхапіў я. – Буду, буду страшным. Кажу табе жахлівыя словы. І пішу на сценах ясныя сігналы!.. Гэта я – Сафа! Я – рыцар! Я – тваё каханне!

      – Выцягні свой меч! – крыкнула Натка. – Рассячы сетку!

      Я падбег ужо да стала і схапіў вялізарны кухонны нож. Па дарозе выпіў шклянку абрыкосавага соку. З’еў кавалак сасіскі. Пачысціў зубы. Паслухаў чыстую песню насценнай зязюлі. Паглядзеў тэлевізар.

      Напісаў верш. Як раптам праз акно заскочыў сонечны трохкутнік. Ён распластаўся на кіліме, нібы на сваёй уласнасці. І прагнаў усе нашыя старыя думкі.

      – Цяпер мы будзем з табой размаўляць ні пра што, – сказала Натка. – Бо пра нешта канкрэтнае – нецікава.

      – Цалкам верагодна, што ўчора я мог зламаць нагу, – паведаміў я.

      – Гэта як?

      – Моўчкі.


Скачать книгу