Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
ён аповед пра свае нягоды, – і вось давялі мяне да крыміналу. Я гэтым мухам не дарую, – прыгразіў ён.
Швейк зноў было ўлёгся прыдрамнуць, але спаў нядоўга – па яго прыйшлі, каб адвесці на допыт.
Падымаючыся па лесвіцы ў трэці аддзел на допыт, Швейк без нараканняў нёс свой крыж на Галгофу, нават не заўважаючы свайго пакутніцтва. Убачыўшы надпіс: «Пляваць на лесвіцы забараняецца», ён папрасіў у вартавога дазволіць плюнуць у плявальніцу і, ззяючы сваёй прастакаватасцю, увайшоў у канцылярыю са словамі:
– Добры вечар вам усім, людзі добрыя! Замест адказу нехта даў яму пад рэбры і падштурхнуў да стала, за якім сядзеў пан з халодным службовым выразам твару. Ён крыважэрна зірнуў на Швейка і сказаў:
– Не стройце з сябе дурня.
– Нічога не зробіш, – сур’ёзна адказаў Швейк. – Мяне вызвалілі ад вайсковай службы за ідыятызм. Спецыяльная камісія афіцыяльна прызнала мяне ідыётам. Я афіцыяльны ідыёт.
Пан з тварам злачынцы заскрыгаў зубамі.
– Здзейсненыя вамі ўчынкі, у якіх вас абвінавачваюць, сведчаць аб тым, што ў вас галава варыць.
I ён тут жа пералічыў Швейку цэлы шэраг розных злачынстваў, пачынаючы дзяржаўнай здрадай і канчаючы знявагай яго вялікасці і членаў пануючага дома. У цэнтр гэтай процьмы злачынстваў была пастаўлена ўхвала забойства эрцгерцага Фердынанда, адкуль адгаліноўвалася новая гронка злачынстваў, сярод якіх зырка зіхацела падбухторванне да бунту, паколькі ўсё гэта адбывалася ў грамадскім месцы.
– Што вы на гэта скажаце? – пераможна спытаў пан з лютым выразам твару.
– Мнагавата, – бязвінна адказаў Швейк. – Што задужа – нездарова.
– Вось бачыце, вы самі прызнаяце…
– Я прызнаю ўсё. Строгасць павінна быць, без яе ніхто нікуды б не дайшоў. Я, калі служыў у войску…
– Маўчаць! – гаркнуў паліцэйскі камісар на Швейка. – Гаварыце толькі тады, калі вас запытаюць! Разумееце?
– Яшчэ б не разумець, – сказаў Швейк. – Асмелюся далажыць, разумею і ўсё, што вы маеце ласку сказаць, магу ўцяміць.
– З кім маеце зносіны?
– Ca сваёй служанкай, ваша міласць.
– А ці маеце каго знаёмага ў мясцовых палітычных колах?
– А як жа, паночку, маю. Купляю вячэрні выпуск «Нацыянальнай палітыкі», «сучку»*.
– Вон! – зароў на Швейка пан са зверскім выразам твару.
Калі Швейка выводзілі з канцылярыі, ён сказаў:
– Дабранач, ваша міласць.
Вярнуўшыся ў сваю камеру, Швейк паведаміў астатнім, што гэткі допыт толькі смех адзін.
– Трохі там на вас накрычаць, а пад канец выганяць. Раней, – працягваў Швейк, – бывала горш. Я некалі чытаў у адной кнізе, што абвінавачаныя, каб давесці сваю бязвіннасць, павінны былі хадзіць па распаленым жалезе і піць расплаўлены свінец. А калі і пасля гэтага не сазнаваліся, то насоўвалі на ногі іспанскія боты і падымалі на дыбу або падсмальвалі бакі пажарнай паходняй, як гэта зрабілі са святым Янам Непамуцкім*. Той, нібыта, галасіў пры гэтым так, быццам яго нажом рэзалі, і не пераставаў