Толькі не гавары маёй маме… (зборнік). Адам Глобус
абеду па артэкаўскай завядзёнцы трэба было гадзiну адпачываць i, абавязкова распрануўшыся, ляжаць у ложку пад прасцiною. Можна, хто пажадае, – i пад коўдраю, але – Крым, жнiвень, гарачыня 30° у ценi. Так што пад прасцiною лацвей. Папалуднаваўшы, лагернiкi залеглi. У пакой зайшла важатая Галiна з Ноўгарада з сваiм загарэлым жалудовым тварам, над якiм пагойдваўся выбелены чубок. Галiна загадала ўсiм устаць. Загады ў лагеры не абмяркоўвалiся. Устаць! – значыць, уставай i не думай. І я не думаў, стаяў i глядзеў на сваiх супакойнiкаў у форменных трусах. На ўсiх былi адно чорныя, крыху злiнялыя трусы. А на Абашаву былi яшчэ акуляры з бруднавата-зялёнай аправаю, гадзiннiк на скураным парэпаным раменьчыку i чорна-сiнiя шкарпэткi з рамбiчным малюнкам. «Ты чаму не распрануўся?» – наглядчыца Галiна насунулася на башкiра. «Я распрануўся», – вочы ўфiмца спалохана залыпалi ў акулярных лiнзах. «Ты чаму шкарпэткi не зняў?» Паўза пасля «чаму» была такая глыбокая, што з яе выразна вызiрнула слова «скацiна». «А ў нас усе так спяць». «Дзе гэта ў вас? Можа, у Амерыцы? Дык вось, у нас у СССР i ў прыватнасцi ў Артэку савецкiя людзi кладуцца ў ложак без шкарпэтак! Зняць! Хутка!» – доўгi, як у Адольфа Гiтлера, чубок узляцеў над ускiнутым тварам. Цiкава, цi бачыла Галiна з Ноўгарада амерыканскiя фiльмы, у якiх жыхары ЗША кладуцца ў ложак, не зняўшы шкарпэтак? I, вядома, не яе справа параўноўваць жыццё дзвюх iмперый зрозным грамадска-палiтычным ладам. Яе абавязак быў больш просты: выконваць самой i прымушаць астатнiх выконваць правiлы артэкаўскага жыцця. А розных завядзёнак у лагеры было больш чым дастаткова…
Усе лагернiкi павiнны былi хадзiць «у нагу», я не ведаю, як хто, цi як палонныя, цi як салдаты, карацей, толькi «ў нагу». І не важна, iдуць двое, трое, чацвёра цi сто чатыры, усе абавязкова крочаць толькi «ў нагу». Мусiць год, калi не болей, пасля вяртання да цывiльнага жыцця, я з усiмi хадзiў толькi па-лагернаму. Нават з жанчынамi, дзяўчатамi, бацькамi – толькi па-артэкаўску. І нiяк не мог адвучыцца. Ідзеш-iдзеш з чалавекам, зiрк унiз, пераступiш з падскокам i заспакоiшся, i палёгку нейкую адчуеш, бо ўжо ў ненармальнасцi хаджэння «ў нагу» бачыцца нармальнасць, патрэбнасць i неабходнасць.
Лагернiкам забаранялася казаць пры сустрэчы са старэйшымi «прывiтанне», «вiтаю вас» i розныя «здраўствуйце». Вiтацца дазвалялася наступным чынам: з ранiцы i да 12.00 – «добрай ранiцы», з 12.00 да 18.00 – «добры дзень», з 18.00 i да ранiцы – «добры вечар». А я, нiбы ўпарты iрландзец, якi дэманструе аднаасобны суверэнiтэт, упарта даваў «дзень добры». Але мяне не праследавалi i не каралi за перастаноўку слоў, ад якой сэнс не змяняўся. Наогул нацменам дазвалялася крыху болей, чым расейцам, маўляў, малодшы брат – ён дурнейшы, тое-сёе варта i не пачуць i дараваць.
Што да пакаранняў, дык яны ў Артэку насiлi больш назыўны, чым матэрыяльны характар. Важатыя пагражалi, што патэлефануюць бацькам; начальнiк казаў, што напiша лiсты. Усе разам абяцалi выгнаць з лагера i выправiць дамоў. Толькi нiхто iм не верыў. У рэальнасцi ж яны маглi наступнае: не пусцiць на танцы, не ўзяць у кiно, не дазволiць ехаць на экскурсiю i, у самым крайнiм варыянце, паклiкаць увечары ў пакой для важатых,