Акно ў замежжа (зборнік). Зоя Доля
лёгка давядуць да шаленства, – разважаў Віктор. – Усё чакаюць, каб мужыкі да іх з букетам на балкон лазілі ды дэманстравалі незгасаючую жарсць, а самі кабеняцца, маўляў, заваюй мяне, я ўся такая недасяжная і такая рамантычная. Рамантычныя, узвышаныя… а посуд памыць няма каму». У Віктора на любоўныя жарсці не хапала ні часу, ні жадання. Трэба было тэрмінова ўцюхваць чарговую партыю прадуктаў. Дамовы, транспартныя накладныя, справаздачы ў падатковай замудохалі, ажно сківіцы зводзіць. А Вера, Вера яго разумее. І выглядае файна. Модніца. Не сорамна сябрам паказаць такую ляльку. І для душы паразмаўляць адно задавальненне, і для цела… у гэтым сэнсе Віктора асабліва ахінала пяшчота… Жаніцца ён не збіраўся.
Кватэру Віктор наняў далёка ад цэнтра у мікрараёне Уручча і не першай свежасці, пацёрханую, але поўнасцю абсталяваную. Усё неабходнае, акрамя пральнай машыны. На гэты конт Віктор не парыўся – Вера памые бялізну рукамі. Кватэрная гаспадыня забяспечыла нават посудам. На кухоннай пліце стаялі рондалі, у верхняй шуфлядзе – лыжкі і відэльцы. У відэльцах трапляліся гнутыя зубы. Талерак хапала з каптуром. Частка прымасцілася ў шафцы для сушкі посуду, пастаўленая разнавялікімі дыскамі на рабро, астатнія – стосам на паліцы. Вера гэта не задаволіла, яна цягнулася да эстэтыкі і прытарабаніла з сабой на здымную кватэру французскі посуд. Шэсць шырокіх талерак з паўпразрыстага ружаватага шкла. Яны занялі месца ў сушцы, прэтэнцыёзна адсунуўшы ў кут гаспадарскія незамыславатыя талеркі, упрыгожаныя дробнымі сціплымі кветкамі. Вера хутка асвоілася на новым месцы. Рэчы з чамадана разляцеліся ў шафу на плечыкі і паліцы, тапкі – у пярэднюю. Пасцельная бялізна – на коўдры і падушкі. Бліжэй да вечара Вера ўзялася за бліны. Віктор неяк мімаходзь у размове паведаміў, што любіць блінчыкаў паесці. Вера запомніла. Сёння яна шчыравала з блінамі. Каханне мужчыны праходзіць праз страўнік. У рондаль з надрэзанай дзіркі ў вуглу малочнага пакета струменем палілося малако, Вера паціснула пакет, падганяючы струмень. Услед плюхнулася з разбітай шкарлупіны жоўтым вокам яйка і патанула ў малацэ, зверху белым пылам пасыпалася мука вышэйшага гатунку, соль, цукар – на смак. Вера замалаціла лыжкай у цесце, разбівала камякі, яны па-здрадніцку ўцякалі зпад лыжкі, Вера даганяла і раструшчвала іх аб сценкі рондаля. Размалаціўшы камякі, пусціла з узнятай лыжкі вадкае цеста ў рондаль, яно палілося роўна. Прыспешвала разагрэтая патэльня, накаленая на агні газавай канфоркі. Кінуты відэльцам кавалак сметанковага масла зашыпеў і расплыўся, змазваючы дно патэльні. З чарпака палілося цеста. Адзін за адным падрумяненыя бліны саскоквалі з патэльні, клаліся на французскую талерку. Блінны водар, лунаючы ў паветры, з кухні паляцеў па кватэры. У зале перад тэлевізарам, па-барску разваліўшыся на канапе, у махровым халаце пасля душа сядзеў Віктор. Ён глядзеў перадачу пра развіццё эканомікі краіны: новыя шляхі і магчымасці, крокі наперад, сумленнасць усіх суб’ектаў гаспадарання перад дзяржавай. Карацей – заплаці падаткі і жыві спакойна. «Фіг вам!.. Вам колькі ні заплаці – усё мала!» – рэзонна выказаўся Віктор па сутнасці